Лідар "Гавары праўду" лічыць, што падзел на ўладу і апазіцыю ўжо неактуальны

Лідар "Гавары праўду" лічыць, што падзел на ўладу і апазіцыю ўжо неактуальны

Апазіцыя павінна дапамагчы рэфарматарам ва ўладзе. З такім нечаканым тэзісам выступіў старшыня рады грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў.

Яго выступ прагучаў на канферэнцыі, прысвечанай найбольш важным падзеям у Беларусі і рэгіёне ў 2015 годзе. Канферэнцыю праводзіў Belarus Security Blog.

Дзмітрыеў лічыць, што ўнутры ўлады і апазіцыі пачаўся падзел на "рэтраградаў" і "рэфарматараў". "Рэтраграды" ва ўладзе і апазіцыі нічога мяняць не хочуць. А "рэфарматары" нацэленыя на змены і зацікаўленыя ў павелічэнні грамадзкага ўдзелу ў палітычных працэсах. Таму важна каб "рэфарматары", незалежна ад іх палітычных поглядаў, маглі працаваць у адным кірунку, перадае Радыё "Свабода" меркаванне Дзмітрыева.

Палітык лічыць, што "рэфарматарам" ва ўладзе сёння патрэбная падтрымка грамадства. У іх няма сілаў і няма ўнутраных рэсурсаў унутры сістэмы, каб прасоўваць свае ідэі. Тое ж самае, на яго думку, адбываецца і ўнутры апазіцыі. "Рэфарматарамі" з боку ўлады Дзмітрыеў лічыць, напрыклад, памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага, а ў апазіцыі — кампанію "Гавары праўду".

Разам з тым Дзмітрыеў паведаміў, што вулічныя пратэсты на гэтым этапе могуць быць шкоднымі, калі яны будуць непадрыхтаванымі і малаколькаснымі.

"Лепш зрабіць адну акцыю ў тры месяцы, але каб яна сапраўды сабрала людзей, каб яна сапраўды была падрыхтаваная, сапраўды дэманстравала запыт на рэформы і перамены. Гэта лепш, чым "часціць", бегаць па вуліцах, а фактычна толькі дэманстраваць сваю слабасць", — кажа палітык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі