Лідар БНФ: Мы супраць таго, каб у Беларусь перапраўлялі бежанцаў з ЕС

Лідар БНФ: Мы супраць таго, каб у Беларусь перапраўлялі бежанцаў з ЕС

Стала вядома, што на працягу некалькіх гадоў у Беларусі за сродкі Еўрасаюза будуць пабудаваныя некалькі “цэнтраў размяшчэння мігрантаў”. На гэтыя мэты Еўракамісія плануе выдзеліць сем мільёнаў еўра, піша нямецкая Tageszeitung. У беларускім МЗС Еўрарадые гэтую інфармацыю таксама пацвердзілі.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракаментаваў для Еўрарадыё планы супрацоўніцтва беларускіх уладаў з ЕС у справе мігрантаў. Год таму БНФ актыўна пратэставала супраць магчымай перапраўкі бежанцаў, якія прыязджаюць у краіны Еўрасаюза і ў Беларусь.

"Будзем сачыць за сітуацыяй. Тут ёсць вельмі шмат важных нюансаў, якія да канца не зразумелыя. Калі вядзецца пра тое, каб пабудаваць у Беларусі за грошы Еўрасаюза цэнтры, куды будзе перапраўленая частка бежанцаў, якія цяпер ужо знаходзяцца ў краінах ЕС, то гэта, на нашу думку, не адпавядае інтарэсам Беларусі і правам чалавека. Гэта не адпавядае таксама правам саміх бежанцаў. Калі гаворка ідзе пра тых, хто прыязджае ў Беларусь для атрымання прытулку, то гэта іншая сітуацыя. Тады, я думаю, наша краіна магла б нейкай колькасці такіх людзей дапамогу аказаць. У разумных межах", ― перакананы Аляксей Янукевіч.

Палітык таксама дадае, што ў апошні час некаторыя заходнія палітыкі схільныя дамаўляцца з беларускімі ўладамі ледзь не таемна, не інфармуючы беларускае грамадства пра свае планы.

"Калі будзе абраны першы варыянт, то неабходна прыцягваць увагу грамадскасці, ствараць рэзананс, каб сапраўды такія перамовы не адбываліся таемна... Сёння мы крытыкуем Еўрасаюз за тое, што беларускае грамадства адчувае недахоп інфармацыі аб тым, як і на якія тэмы вядзецца дыялог Еўрасаюза з беларускімі ўладамі. Беларускія ўлады не лічаць патрэбным інфармаваць аб гэтым. А з боку некаторых прадстаўнікоў ЕС часам, можна сказаць, нават крывадушная палітыка ажыццяўляецца. Бо яны лічаць, што сваё грамадства інфармаваць варта, а беларусаў хай інфармуюць беларускія ўлады. Хаця зразумела, што гэтага не будзе", ― кажа Янукевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі