Легендарны Пітэр Гэбрыэл выступіць у 30 кіламетрах ад Беларусі

16 траўня ў Вільні адбудзецца канцэрт Пітэра Гэбрыэла — легендарнага брытанскага хітмэйкера і эксперыментатара, ідэолага world music. Ён прыедзе са спецыяльнай праграмай, прысвечанай свайму самаму знакамітаму альбому "So" (1986).

Пакінуўшы на піку славы гурт Genesis ў 1975 годзе, Гэбрыэл запісаў чатыры эксперыментальныя сольныя дыскі, якія зноўку вызначылі межы сучаснай музыкі. Але менавіта пяты па ліку альбом "So" стаў свайго роду камерцыйным пікам, на якім Гэбрыэл вывеў свае эксперыменты ў мэйнстрым — зноў жа, назаўсёды змяніўшы яго ў глабальным маштабе.

У 2012 годзе Пітэр Гэбрыэл вырашыў адзначыць 25-годдзе гэтага дыска і адправіўся ў сусветны тур "Back To Front". У яго межах ён выконвае ўсе песні з "So", а таксама асноўныя хіты з іншых сваіх альбомаў. Прычым праграма карыстаецца такім попытам, што пасля 35 выступаў у Амерыцы і Еўропе ён быў вымушаны заявіць дадатковыя 16 канцэртаў у Еўропе, сярод якіх выступ у суседняй з намі Літве, у віленскай Siemens Arena.

Гэта першы вялікі тур артыста з электрычным складам за амаль дзесяцігоддзе (на басу традыцыйна — музыкант з беларускім каранямі Тоні Левін, які граў яшчэ з Джонам Ленанам, King Crimson) і самы блізкі да Мінска канцэрт Гэбрыэла за ўвесь час. Ён вязе шмат тэхнікі, святла і спецэфектаў, спалучаючы дэкарацыі арыгінальнага тура "So" і ўльтрасучасныя тэхналогіі.

Адзначым, што квіткі можна купіць і ў беларускай сетцы Ticketpro. Для паездкі патрэбная віза. Кошт квіткоў ад 970.000 рублёў да 1 мільёна 352 тысяч.

Даведка для беларусаў: (017) 293 42 42, (029) 6935935.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі