“Крумкачы” пра “крадзеж” юных гульцоў: Самі прыйшлі, іх бацькі напісалі заявы

“Крумкачы” пра “крадзеж” юных гульцоў: Самі прыйшлі, іх бацькі напісалі заявы

Другі тыдзень у беларускім футболе грыміць скандал: адну з самых папулярных каманд вышэйшай лігі, ФК “Крумкачы”, могуць пазбавіць ліцэнзіі.

“Крумкачы” пра “крадзеж” юных гульцоў: Самі прыйшлі, іх бацькі напісалі заявы

У канцы лета ў дзіцячую каманду “Крумкачы” з гульцамі 2001 года нараджэння пераходзяць ажно 18 футбалістаў з РЦАР БДУ. Яны пацягнуліся за сваім трэнерам Вадзімам Сугакам, той падпісаў кантракт з бела-чорнымі.

Дырэктар РЦАР БДУ па футболе Уладзімір Пігулеўскі палічыў сітуацыю “крадзяжом” гульцоў, маўляў, “Крумкачы” такім чынам не развіваюць дзіцяча-юнацкі спорт. Пігулеўскі, дарэчы, член выканкама Федэрацыі футбола. Карацей, гэтая гісторыя пераўтварылася ў сапраўдную пагрозу для адной з самых папулярных беларускіх каманд. І хоць Федэрацыя прыняла рашэнне, што не мае прэтэнзій наконт пераходу трэнера і яго вучняў у “Крумкачы”, ціск на клуб не спыніўся.

“Крумкачы” ствараліся як каманда аматараў. Пасля гульняў хлопцы ішлі на піва. Але беларускія рэаліі такія, што гэтая каманда праз некалькі гадоў змагла сенсацыйна прабіцца ў вышэйшую лігу. Каб падрыхтаваць усе паперы і знайсці грошы, у бела-чорных было ўсяго некалькі месяцаў. Клуб так і не навучыўся карэктна запаўняць усе дакументы, звязаныя з дзіцяча-юнацкімі камандамі. Дзесьці няправільна складаліся фармуляры, часам неабходнае прадастаўляліся ў Федэрацыю несвоечасова.

Яшчэ ў пятніцу 14 кастрычніка Віктар Ступень, намеснік старшыні Камітэта па статусах і пераходах Федэрацыі, акрэслівае Еўрарадыё маштабы праблемы:

“Я сам не магу зразумець, колькі ў іх груп. Ёсць пытанні да пашпартных дадзеных. Паводле дакументаў, незразумела, колькі ў іх каманд”.

“Крумкачы” пра “крадзеж” юных гульцоў: Самі прыйшлі, іх бацькі напісалі заявы
Трэнер Вадзім Сугака і яго вучні падчас працы ў РЦАР БДУ

“Няма дыму без агню. Нейкія праблемы ў нас ёсць, але ці сур’ёзныя яны! – заклікае да разумення сузаснавальнік “Крумкачоў” Уладзіслаў Маяроўскі. – У пятніцу 22 кастрычніка будзе пасяджэнне ў Федэрацыі. Я спадзяюся на здаровы сэнс. А мы са свайго боку выпраўляем усе памылкі. Мы зацікаўленыя, каб усе дакументы былі ў парадку, паводле літары закону”.

Цікава, што юныя спартсмены не падпісваюць з клубамі кантрактаў і не звязаныя ніякімі афіцыйнымі абавязальніцтвамі.

“Гэта ж яшчэ не футбалісты, гэта проста дзеці”, — тлумачыць Маяроўскі.

Кіраўнік “Крумкачоў” Дзяніс Шунто апавядае Еўрарадыё, што кантракт трэнера Сугакі ў РЦАР БДУ завяршыўся напрыканцы лета.

“А з 1 верасня ён прыйшоў на працу да нас. Пры гэтым, каманда 2001 года нараджэння ў нас была, удзельнічала ў спаборніцтвах. Футбалісты, якія прыйшлі за трэнерам, проста яе дапоўнілі. Бацькі напісалі заявы — мы ўзялі дзяцей”.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што ўся гэта гісторыя — помста “Крумкачам” з боку зайздроснікаў. У некаторых клубаў нібыта праблемаў больш, але нікога больш не чапаюць…

Дзяніс Шунто: Я б не хацеў так думаць. А як яно на самай справе — не ведаю. Праблемы з запаўненнем дакументаў хутка выпраўляюцца. Не разумею, навошта было раздзьмуваць з мухі слана.

Яшчэ адна прэтэнзія да “Крумкачоў” – не ўсе дзіцяча-юнацкія трэнеры маюць неабходную катэгорыю. Праблема тычыцца і трэнера Сугакі, які будзе здаваць адпаведны экзамен у Федэрацыі на наступным тыдні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі