Вы тут

Колькі людзей паглядзелі незалежны "ПартыZан-фільм" Андрэя Курэйчыка?

Кадр з "ПартыZан-фільма"

2016 год культуры, абвешчаны беларускімі ўладамі, неспадзявана скончыўся гучнай прэм'ерай прыватнага фільма — навагодняй камедыі Андрэя Курэйчыка і Сяргея Дзмітрэнкі "ПартыZан-фільм". З 29 снежня стужка, зробленая ў творчым аб'яднанні BezBuslouArts, ішла ў 9 мінскіх кінатэатрах. Гэта "Масква", дзе адбыліся прэм'ерныя паказы, а таксама "Аўрора", "Беларусь", "Камсамолец" і "Мір" (усе належаць да сеткі "Кінавідэапраката"), два залы Silver Screen ды "FALCON CLUB Буцік Кіно".

"Чакалі правалу, але перыядычна залы былі даволі поўныя"

Сапрадзюсар і кампазітар фільма Дзмітрый Фрыга распавёў Еўрарадыё, што за першы week-end праката камедыю паглядзела 3,5 тысячы гледачоў, а агульная сума збораў склала каля 18 тысяч рублёў (крыху меней за $9 тысяч). Гэта не нашмат менш за зборы пафаснага расійскага фільма "Вікінг": пры бюджэце ў $21 млн ён сабраў у Мінску 25 тысяч рублёў ($12,5 тысяч), а паглядзела яго 9152 чалавек.

У пяці кінатэатрах мінскага "Кінавідэапраката" за першы ўік-энд "ПартыZан-фільм" Андрэя Курэйчыка паглядзела каля тысячы чалавек. Вольгу Багавараву, начальніка аддзела рэпертуарнага планавання і прагназавання "Кінавідэапраката", гэтая лічба не здзіўляе. "Кіно на аматара, кіно як кіно. Не самае бліскучае, затое "партызанскае", — жартуе чыноўніца. — А зборы капеечныя, што тут казаць. За чатыры дні, то бок за першы ўік-энд фільм паглядзела 1107 гледачоў. Квіткі па 5 рублёў — самі разумееце, зборы зусім невялікія".

Зараз "Кінавідэапракат" у чаканні новай карціны ад кінастудыі "Беларусьфільм", кажа Вольга Багаварава. Яна будзе называцца "Сляды на вадзе" і выйдзе да 100-годдзя беларускай міліцыі. Вось гэта, відаць, будзе кіно!

Здымкі "Слядоў на вадзе". Фота: mvd.gov.by.

Таксама "ПартыZан-фільм" паказвалі ў двух кінатэатрах сеткі Silver Screen ды ў "FALCON CLUB Буцік Кіно". 

У "FALCON CLUB Буцік Кіно" Еўрарадыё распавялі, што не маюць права публікаваць інфармацыю пра зборы "ПартыZан-фільма" і колькасць людзей, якія яго паглядзелі: не дазваляюць стваральнікі стужкі. У кінатэатрах Silver Screen каментароў таксама не далі. "Чаканні былі, што будзе правал, але перыядычна залы былі даволі поўныя", — толькі і сказалі супрацоўнікі гэтай сеткі.

Лічбы не сыходзяцца

У нас ёсць чатыры вельмі розныя лічбы: ад стваральнікаў "ПартыZан-фільма" (3,5 тысячы гледачоў і 18 тысяч збораў) і ад "Кінавідэапраката" (1 тысяча гледачоў і прыкладна 5 тысяч збораў). 

Квіткі ў Silver Screen каштуюць ад 7 да 16 рублёў, 7 рублёў — стандартны квіток; за квіток у "FALCON CLUB Буцік Кіно" давядзецца аддаць ад 25 да 30 рублёў на дваіх. 

Лічбы не сыходзяцца, бо нават калі ўсе 2,5 тысячы чалавек, якія паглядзелі "ПартыZан-фільм" не ў залах "Кінавідэапраката", набылі самыя танныя квіткі ў Silver Screen, зборы фільма склалі б не менш за 22,5 тысячы рублёў (1107*5 + 2500*7). Так што ці то Дзмітрый Фрыга крыху прыбавіў сваёй стужцы гледачоў, ці то крыху зменшыў зборы. 

Хутчэй — першае, бо крыніца ў беларускай кінаіндустрыі распавяла Еўрарадыё, што ў залах Silver Screen стужку Андрэя Курэйчыка за першы ўік-энд паглядзела прыкладна 900 чалавек. А "Буцік кіно" на колькасць гледачоў "ПартыZан-фільма" прынцыпова не ўплывае: там камедыя ідзе ў зусім маленькіх залах, ад 18 да 64 чалавек.

Тым часам

З'явілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што Мінкульт збіраецца пазбавіць "ПартыZан-фільм" пракатнага пасведчання. Андрэй Курэйчык зараз катаецца на лыжах у Балгарыі і дэталяў не распавядае. Толькі інтрыгуе: "Па вяртанні нас усіх чакае глабальны скандал у сферы культуры".

Па адной з версіяў, прычына ў тым, што "ПартыZан-фільм" трапіў на ўзгадненне ў Мінкульт не цалкам, а без пэўных правакацыйных фрагментаў. У прыватнасці, чыноўнікі не бачылі ўступа, дзе відэаблогер Аляксандр Найдзёнаў у сваім стылі праходзіцца па крытыках.

Гэтая версія фільма трапіла не ва ўсе кінатэатры. У прыватнасці, квіткі на бліжэйшыя сеансы ў "Аўроры", "Беларусі", "Камсамольцы" і "Міры", а таксама ў "FALCON CLUB Буцік Кіно" дагэтуль прадаюцца. У Silver Screen "ПартыZан-фільм" не паказваюць у суботу, 7 студзеня. А з нядзелі яго ізноў можна будзе паглядзець і там.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі