Кіраўнік МУС Беларусі выказаў занепакоенасць пакемонамі

Кіраўнік МУС Беларусі выказаў занепакоенасць пакемонамі

Пра папулярную ў свеце геалакацыйную гульню Pokemon GO выказаўся міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. На яго думку, захапляючыся віртуальнымі гульнямі, моладзь не павінна забываць пра асабістую бяспеку ў рэальным свеце.

"Моладзь перамясціла свае інтарэсы з рэальнага свету ў віртуальны. Мы занепакоеныя тым, што гэта можа выліцца ў нейкія надзвычайныя здарэнні з пункту гледжання грамадскай, асобаснай, дарожнай бяспекі", — цытуе БЕЛТА словы міністра.

Гульня, якая набыла папулярнасць за апошнія пару тыдняў, працуе паводле прынцыпу дапоўненай рэальнасці. Карыстальнікі з дапамогай тэлефонаў шукаюць пакемонаў у самых розных месцах.

Шуневіч мяркуе, што маладыя людзі, адцягваючыся ў бок віртуальнасці, выключаюцца з рэалу. "Таму тут я магу даць параду моладзі: быць больш уважлівымі ў грамадскіх месцах і не забываць пра асабістую бяспеку", — рэкамендуе міністр.

Раней пра лоўлю пакемонаў выказалася "Мінскэнерга". Энергетыкі нагадалі, што ў падобныя гульні не варта гуляць каля энергетычных аб'ектаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі