Кастусёў: За тое, што адбылося 25 сакавіка, адказныя чыноўнікі і сілавікі

Костусев: Ответственность за произошедшее 25 марта — на чиновниках и силовиках

Адказнасць за брутальны хапун, які ўлады арганізавалі ў Мінску 25 сакавіка, павінны несці не арганізатары апазіцыйнага шэсця, а сілавікі і Мінгарвыканкам. З такой заявай намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў у эфіры Еўрарадыё пасля заканчэння акцыі, якая адбылася ў Мінску на Дзень Волі.

"Я лічу, што калі ўлады не далі арганізатарам акцыі адказу ў час, адведзены для гэтага законам, тыя мелі права весці людзей тым маршрутам, які лічылі патрэбным. Гэта Мінгарвыканкам і беларускія сілавікі адказныя за тое, што сёння адбылося", — сказаў сп. Кастусёў. 

Арганізатары шэсця на Дзень Волі загадзя звярнуліся ў Мінгарвыканкам па дазвол на масавае мерапрыемства, але адказ атрымалі толькі ўвечары 24 сакавіка — на пяць дзён пазней за вызначаны законам тэрмін. Гарадскія ўлады дазволілі толькі паўгадзінны мітынг на плошчы Бангалор, далёка ад цэнтра горада. Таму аргкамітэт святкавання Дня Волі адклікаў сваю заяўку і вырашыў не адмаўляцца ад планаў, агучаных загадзя: марш з Акадэміі навук на Кастрычніцкую плошчу.

Аднак 25 сакавіка міліцыя перакрыла падыходы да Акадэміі навук і пачала затрымліваць тых, хто спрабаваў прайсці да кропкі збору. Вялікую колькасць заблакавалі і пахапалі ў аўтазакі на праспекце Незалежнасці паміж БНТУ і ЦУМам. Тым не менш, людзі рушылі далей у цэнтр горада. Наступны вялікі "хапун" адбыўся на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова, побач з крамай "Акіян". 

Апошні міліцэйскі кардон стаяў на мосце праз Свіслач у раёне парка Горкага. Але да яго ўжо дайшоў мала хто з пратэстоўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі