Касірка з сяброўкай два месяцы выносілі тавары з брэсцкага гіпермаркета

Касірка з сяброўкай два месяцы выносілі тавары з брэсцкага гіпермаркета

Два месяцы касірка з сяброўкай выносілі тавары з брэсцкага гіпермаркета. Супрацоўніца крамы распрацавала хітры план, з дапамогай якога можна было проста прысвойваць частку тавараў. У напарніцы яна абрала суседку па лесвічнай пляцоўцы, піша газета “Заря”.

Папярэдне дзяўчаты ўзгаднялі найменні тавараў, якія неабходна было вынесці з гандлёвага аб'екта. У дні працы касіркі ў краму прыходзіла яе суседка, якая складала патрэбныя тавары ў кошык. Потым яна падыходзіла да касы, за якой працавала сяброўка, і выкладала прадукцыю на стужку. Каса працавала ў рэжыме “праверка кошту”, і праз яе зламысніца не праводзіла вялікую частку тавараў.

Дзякуючы такой схеме сяброўкі здолелі вынесці з гіпермаркета разнастайную прадукцыю: дарагія спіртныя напоі, цыгарэты, парфуму, вопратку, цацкі ды інш. На працягу двух месяцаў суседка наведала гіпермаркет 11 разоў.  Агульная сума скрадзенага склала звыш 10 мільёнаў рублёў.

Страціўшы ўсякую асцярожнасць, касірка аднойчы проста скрала ў сваім гіпермаркеце жаночы станок "Gillette", дастаўшы яго са скрынкі. Падчас чарговай інвентарызацыі пустую скрынку выявілі. Супрацоўнікі службы аховы, праглядаючы запіс камеры відэаназірання, пабачылі, хто вінаваты ў выкраданні. Дзяўчыну вырашылі праверыць на датычнасць да іншых парушэнняў. Пасля гэтага і ўсплылі маніпуляцыі з касавым апаратам.

За крадзеж супраць злачыннай парачкі пачалі крымінальную справу. Дзяўчаты сваю віну прызналі і матэрыяльную шкоду пакрылі ў поўным аб'ёме.

Суд Ленінскага раёна Брэста прызначыў саўдзельніцам пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову. Прысуд быў абскарджаны ў абласным судзе, але пакінуты без зменаў. Тым не менш дзяўчаты плануюць абскардзіць яго яшчэ і ў Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі