Карач: Караткевіч — прыклад таго, як у палітыцы жанчыну выкарыстоўваюць мужчыны

Карач: Караткевіч — прыклад таго, як у палітыцы жанчыну выкарыстоўваюць мужчыны

Лідар грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач абвінаваціла лідара іншай грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Таццяну Караткевіч у лабіраванні інтарэсаў Аляксандра Лукашэнкі, найперш — на міжнароднай арэне. Аналізуючы выступы Караткевіч на канферэнцыі ў Маскве і ў ПАСЕ, Карач прыходзіць да высновы: “Дзіўнае супадзенне пазіцыі беларускай улады і “Гавары праўду” навяло на выснову, што “альтэрнатыўны голас” “Гавары праўду” стаў лабістам Аляксандра Лукашэнкі, прыкрываючыся апазіцыйным статусам”.

Не сакрэт, што сярод лідараў апазіцыі стаўленне да “Гавары праўду” апошнім часам даволі… прахалоднае. Але толькі Вольга Карач выступіла з публічнымі і рэзкімі абвінавачваннямі ў бок “ГП”.

Еўрарадыё: Пакуль не з’явілася Таццяна Караткевіч, вы былі самым заўважным палітыкам сярод жанчын, можа, тут банальнае жаданне прыбраць канкурэнта з жаночага сегменту беларускай палітыкі?

Вольга Карач: Калі б Таццяна Караткевіч з’явілася як лідар сама, з моцнымі лідарскімі амбіцыямі, я б набыла пляшку шампанскага, прыйшла б да яе і сказала: Таццяна, давайце будзем аб’ядноўвацца! Давай выпрацуем стратэгію разам і нас ужо ніхто не пераможа. Я лічу, што цяпер Таццяна не лідар, ёй кіруе мужчына, і нам у прынцыпе няма пра што дамаўляцца.

Еўрарадыё: Склалася ўражанне, што ў вас нейкае грэблівае стаўленне да палітыка-Караткевіч?

Вольга Карач: Не грэблівае. Проста я лічу, што яна робіць вялікую асабістую памылку. І калі яна гэта зразумее, то будзе позна. Бо ўжо ёсць пэўная рэпутацыя і яе змяняць вельмі цяжка. Персанальна для яе было б добра, каб яна распрацавала сваю гульню і яе вяла. Але пакуль што ўсе факты паказваюць, што… Ну, можа, яна не хоча — не ўсім жа быць лідарамі! Вяртаюся да галоўнага феміністычнага прынцыпу: жанчына можа быць такой, якой яна хоча быць. Хоча быць лідаркай — добра, хоча сядзець дома і выхоўваць пяць дзетак і нікуды не хадзіць — таксама нармальна. Гэта яе выбар і я яго паважаю. Але гэта вельмі дрэнны прыклад таго, як у палітыцы жанчыну выкарыстоўваюць мужчыны.

Еўрарадыё: Вы называеце сябе феміністкай, але ці падзяляеце вы сваіх канкурэнтаў у палітыцы па прынцыпе мужчына-жанчына?

Вольга Карач: У палітыцы розніцы няма. Але, ведаючы, што нам у сферы жаночага лідарства неабходная пазітыўная дыскрымінацыя, я максімальна спрабую не крытыкаваць маіх калег жаночага полу ў палітыцы. Я раблю гэта вельмі рэдка: разумею, што ім у палітыцы заўжды цяжэй, чым мужчынам.

Еўрарадыё: Вас пасля абвінавачванняў у адрас Караткевіч сумленне не даймае?

Вольга Карач: Не. Бо гэта не менавіта Таццяна Караткевіч, а стратэгіі “Гавары праўду”. А там не адны жанчыны. Калі б гэта была жаночая арганізацыя, то я б яшчэ падумала: пісаць такі артыкул ці не? Жанчын было б шкада. А калі ў “Гавары праўду” галоўны ўсё ж мужчына — Андрэй Дзмітрыеў, то мяне сумленне не грызе і я буду спаць спакойна.

Еўрарадыё: А калі ўлічыць, што “мочым” мужчыну, то яшчэ і задавальненне ад працэсу атрымліваем, так?

Вольга Карач: Задавальнення няма. Але ж тут сапраўды цікава, што пазіцыя “Гавары праўду” і пазіцыя ўлады супадае цалкам. Нават дэпутат парламента прызнае, што ў “Гавары праўды” шмат агульнага з дзяржаўнай пазіцыяй на заходнім накірунку. Цікава, як так атрымалася? Я не кажу, што Баба Яга заўжды павінна быць супраць — гэта няправільна. Маўляў, калі Лукашэнка супраць расійскай авіябазы, то мы — за базу. Але ж павінна быць свая пазіцыя! Яна можа дзесьці з пазіцый улады супадаць, а дзесьці — не. Але, калі пачынае супадаць амаль на 100%, то пачынаюцца пытанні... Вы кажаце пра сябе, як пра альтэрнатыву, але дзе яна, у якіх момантах вы адрозніваецеся? Лукашэнка кажа пра мадэрнізацыю, а Таццяна Караткевіч пра мірныя перамены — а ёсць розніца паміж гэтымі тэрмінамі? Я не думаю, што Лукашэнка хоча правесці мадэрнізацыю не мірным шляхам. Мне падаецца, што яны ў прынцыпе кажуць адны і тыя ж рэчы. Бо гэта такія маленькія касметычныя крокі, каб у цэлым не змяняць палітычны лад і сістэму, а прыгладзіць яе.

Еўрарадыё: Чаму з ладарамі-мужчынамі ў палітыцы вам дамаўляцца цяжка: яны глядзяць на вас з пыхай, не вераць, што нешта разумнае прапануеце ці, можа, вам у іх позірках бачыцца нейкія эратычныя думкі?

Вольга Карач: Якая эротыка, што вы! Мой светлы вобраз моцна дэманізаваны сярод мужчын-палітыкаў. Мне падаецца, што калі яны на мяне глядзяць, то ўяўляюць побач са мной мятлу, а ніяк не нейкую эротыку! З мужчынамі-палітыкамі праблема ў тым, што яны найчасцей выкарыстоўваюць мужчынскія мадэлі дамоўленасцяў. Калі ты хочаш дамовіцца з мужчынам-палітыкам, то трэба браць пляшку гарэлкі і ісці ў сауну. Шмат дзе гэта сапраўды вельмі добра працуе. З жанчынамі-лідарамі, асабліва калі яны феміністкі, дамаўляцца прасцей — там няма канкурэнцыі.

Еўрарадыё: Вы ўказваеце на рэверансы з боку Караткевіч у бок Расіі, але ж і вас лічаць прарасійскім палітыкам — канкурэнт у вас на гэтым накірунку палітычнай гульні з’явіўся…

Вольга Карач: А я не бачу, каб “Гавары праўду” рабілі нешта на гэтым накірунку — пустыя словы. Казаць можна што заўгодна. І Някляеў, і Саннікаў казалі тое ж, што цяпер кажа “Гавары праўду”. Але я думаю, што тыя кандыдаты хоць такую рыторыку і выкарыстоўвалі, але мелі моцную праеўрапейскую пазіцыю. А тут… Не трэба падманваць па прынцыпе: давайце скажам сёння тое, што хочуць пачуць, а калі прыйдзем да ўлады, то будзем круціць-вярцець… Наша пазіцыя павінна быць зразумелай і відавочнай.

Еўрарадыё: Яны на расійскім накірунку нічога не робяць, а што робіце вы?

Вольга Карач: Я пакуль таксама нічога не раблю на гэтым накірунку. Я цяпер хачу зразумець, што сёння адбываецца ў беларуска-расійскіх і беларуска-еўрапейскіх адносінах. Мне не хапае інфармацыі. Я хацела б пачуць аргументы і факты ад людзей, якія лічаць, што мы павінны быць ў Еўразійскім саюзе і якія лічаць, што мы мусім быць толькі ў Еўрасаюзе.

Фота Змітра Лукашука, з архіва Вольгі Карач

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі