Каму прадалі здымкі з Беларускага касмічнага апарата на 2 мільёны долараў?

Кіраўнік апарата Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Віцязь кажа, што здымкаў з БКА прадалі ўжо на 2 мільёны долараў, і на 2 мільёны заключана дамоў з іншымі краінамі, перадае БелТА. Але каму? Еўрарадыё шукае спажыўцоў касмічнай інфармацыі.

“Ёсць заказы, мы робім: МНС, сельгасхарчу, картаграфія — гэта маёмасны камітэт, лясной гаспадаркі, у меліярацыі, прыродакарыстання, аховы прыроды”, — пералічвае мне Пётр Віцязь.

Але ў МНС Еўрарадыё нечакана кажуць, што ўсе здымкі, якія былі і будуць, міністэрства атрымлівае… бясплатна. У тэставым рэжыме ўстанова атрымала з айчыннага спадарожніка… некалькі здымкаў.

 “Уся інфармацыя, якая звязана з папярэджаннем ці ліквідацыяй надзвычайных сітуацый, намі атрымліваецца бясплатна. Тое, што мы атрымлівалі ў тэставым рэжыме, і ў будучыні — гэта бясплатна. Але калі МНС будзе патрэбен здымак нейкай мясцовасці, гэта будзе разглядацца асобна”, — у МНС дадаюць, што якасць здымкаў ім падыходзіць.

Расчароўваюць Еўрарадыё і ў Белдзяржлесе: беларускія здымкі пакуль не дацягваюць па якасці, таму іх не выкарыстоўваюць.

 “На здымках хвоя выглядае адным колерам, ліставыя дрэвы — іншым, і нам патрэбны здымкі з разрашэннем у 1-1,5 метра, а ў беларускага пакуль — 10 метраў. Таму мы ў мінулым годзе замаўлялі аэраздымкі — з самалёта. Нятанная гэта справа, дорага атрымліваецца, але мы думаем, што наступны беларускі спадарожнік будзе нам падыходзіць”, — спадзяюцца ў Белдзяржлесе.

Не маюць інфармацыі пра выкарыстанне здымкаў касмічнага апарата і ў Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце, і ў Мінадукацыі, і нават ў Мінсельгасхарчы.

 “Нам прапаноўвалі, што праз здымкі мы будзем бачыць, дзе ў нас зелле расце, але на гэта ёсць фіта-санітарны кантроль, які бярэ глебу на аналізы, які гэта адсочвае”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінсельгасхарчы свае метады працы.

Інстытут меліярацыі сумняваецца, што здымкі беларускім ведамствам прадаваліся — усё павінна быць бясплатна для ведамстваў. Хоць у карысці спадарожніка тут ні на хвіліну не сумняваюцца.

 “Гэта ўсё толькі распрацоўваецца, але карысць — навідавоку! У нас 3000 гектараў меліярацыйных каналаў, гэта год можна нагамі хадзіць, а тут спадарожнікам зняў і ўсе”, — кажуць Еўрарадыё ў Інстытуце меліярацыі.

Між тым, Пётр Віцязь прыкідвае, што кошт здымка ў залежнасці ад плошчы — ад 30 цэнтаў да 7 долараў. І толькі я пачала падлічваць, колькі здымкаў трэба прадаць, каб акупіць запуск спадарожніка, што абышоўся бюджэту ў 17 мільёнаў долараў, як мяне перапынілі інфармацыяй, што спадарожнік ужо акупіўся. У 10 разоў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі