Камітэт дзяржкантролю правярае сайт "Кнігі — Поштай"

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю актыўна збірае звесткі пра працу беларускай інтэрнэт-старонкі knihi.net ("Кнігі — Поштай"). Людзей, якія кольвек атрымлівалі праз гэты сайт кнігі ці іншую друкаваную прадукцыю, па чарзе выклікаюць у КДК і ветліва размаўляюць з імі пра паштовыя пераводы, якія яны рабілі, калі атрымлівалі пакупкі. Вось што распавёў Еўрарадыё стваральнік сайта knihi.net ўладальнік інтэрнэт-крамы knihi.by Алесь Яўдаха: Алесь Яўдаха: "Я мяркую, што гэты пераслед звязаны з кнігай "Маладафронтаўцы". Некаму яна не спадабалася... З ёй мне зладзілі кантрольны закуп і апошнім часам пачалі дзёргаць людзей па вялікім спісе".

Кніга "Маладафронтаўцы" Паўла Севярынца і Насты Палажанкі пабачыла свет у верасні 2009 года. Туды ўвайшлі 50 інтэрв’ю з найбольш вядомымі актывістамі зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" за 12 гадоў яе існавання.

Па словах сп. Яўдахі, КДК імкнецца знайсці ў яго актыўнасці пазапраўную прадпрымальніцкую дзейнасць. Рабіць прагнозы пра вынікі гэтага расследавання пакуль складана. Але каб не трапіць у спіс людзей, ад якіх патрабуе тлумачэнняў Камітэт дзяржкантролю, кнігі цяпер лепш замаўляць праз сайт knihi.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі