Калі Малдова разарве пагадненне з ЕС, яна можа апынуцца ізаляванай выспай

Калі Малдова разарве пагадненне з ЕС, яна можа апынуцца ізаляванай выспай

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў, што ён гатовы ануляваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС і далучыцца да Еўразійскага эканамічнага саюза.  Пра гэта палітык заявіў на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным падчас трохдзённага афіцыйнага візіту ў Маскву.

Пра тое, як адаб’ецца на Малдове разрыў стасункаў з ЕС і што чакае гэтую краіну ад супрацоўніцтва з Расіяй, Еўрарадыё паразмаўляла з палітолагам, супрацоўнікам Польскага інстытута міжнародных спраў, Якубам Пянькоўскім.

Еўрарадыё: Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон падчас візіту ў Маскву заявіў, што ён гатовы разарваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, каб больш актыўна развіваць стасункі з Расіяй. Наколькі верагодны падобны сцэнар развіцця падзеяў?

Якуб Пянькоўскі: Варта адзначыць, што сам прэзідэнт не мае кампетэнцыі, каб разарваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Гэта павінна быць рашэннем ураду. А на дадзены момант прадстаўнікі сацыялістычнай партыі Дадона ўвогуле не маюць міністэрскіх крэслаў.

Праўда, гэта сітуацыя можа змяніцца, калі ў 2018 годзе сацыялісты перамогуць на парламенцкіх выбарах у Малдове і створаць уласны ўрад. І, як паказваюць сацыялагічныя апытанні, шанцы на перамогу ў партыі Дадона вельмі высокія. Аднак да парламенцкіх выбараў улады Малдовы дакладна не анулююць пагадненне з ЕС.

Еўрарадыё: А што фактычна атрымала Малдова ад асацыяцыі з Еўрасаюзам?

Якуб Пянькоўскі: Тут, перадусім, гаворка ідзе пра дзве рэчы. Першая - гэта тое, што Малдова атрымала магчымасць паглыбленага гандлю з ЕС. І гэта адкрыла для малдаўскага бізнэсу і прамысловасці новыя рынкі.

Прычым, гандаль паміж Еўрасаюзам і Малдовай мае несіметрычную форму. То бок ЕС зняў усе бар’еры для малдаўскіх прадуктаў, і яны могуць свабодна прадавацца ў Еўропе. У той жа час, малдаване абараняюць свае рынкі дадатковымі абмежаваннямі ад наплыву еўрапейскіх тавараў. І такім чынам у гэтай краіне захоўваецца канкурэнцыя.

Таксама ЕС адмяніў візы для малдаван. Цяпер грамадзяне гэтай краіны могуць без перашкод перасоўвацца па Еўропе. Праўда, бязвізавы рэжым не дае права на працоўную дзейнасць і працаўладкаванне за мяжой.

Еўрарадыё: У такім выпадку, што страціла Малдова ад пагаднення з ЕС?

Якуб Пянькоўскі: Калі казаць пра страты, то адзіным фактарам тут стала пагаршэнне кантактаў з Расіяй. Справа ў тым, што Масква ніколі не трактавала і не будзе трактаваць Малдову як паўнавартаснага партнёра. Пры гэтым Расія баіцца згубіць свае ўплывы ў гэтай краіне з кропкі гледжання геапалітыкі. Таму Масква і абмежавала доступ малдаўскіх прадуктаў на свае рынкі, каб малдаване задумаліся: а ці сапраўды ім патрэбная асацыяцыя з ЕС ці лепей усё ж працаваць з ужо праверанымі гадамі расійскімі рынкамі.

Еўрарадыё: А што магла б атрымаць Малдова ад сяброўства ў ЕАЭС?

Якуб Пянькоўскі: Няшмат. Справа ў тым, што ЕАЭС – гэта арганізацыя, якая мае шэраг структурных праблем і нават не да канца зразумела, якім чынам яна будзе функцыянаваць у будучым. І нават калі б Малдова далучылася да ЕАЭС, то Расія ўспрымала б яе значна менш важным партнёрам, чым, напрыклад, Беларусь ці Казахстан.

Адзначу, што далучэнне Малдовы да ЕАЭС мела б сэнс, калі б усе былыя савецкія рэспублікі ўступілі ў гэтую арганізацыю. А калі тая ж Украіна займае выключна праеўрапейскую пазіцыю і імкнецца да інтэграцыі з ЕС, то Малдова пасля ўступлення ў ЕАЭС можа апынуцца ў ізаляцыі і стаць своеасаблівай выспай. З аднаго боку акажацца Еўрасаюз, з якім малдаване разарвалі пагадненне, а з другога боку Украіна, якая, па аб’ектыўных прычынах, не прымае прарасійскія арганізацыі.

Еўрарадыё: Ігар Дадон падкрэслівае, што супрацоўніцтва з Расіяй мае для Малдовы стратэгічнае значэнне. Пры гэтым палітык адзначыў, што яго краіна не прызнае Крым расійскай тэрыторыяй. Ці можа гэтая пазіцыя малдаўскага прэзідэнта кардынальна змяніцца?

Якуб Пянькоўскі: У гэтым пытанні Дадон будзе вельмі асцярожны. Хутчэй за ўсё, на гэтую тэму ён будзе выказвацца неадназначна. З аднаго боку, ён будзе паказваць, што прызнае Крым расійскай тэрыторыяй. А з іншага боку, палітык не скажа наўпрост, што Крым – гэта Расія. І ў залежнасці ад сітуацыі ён паспрабуе маніпуляваць гэтай тэмай у перамовах з Масквой. Дадон будзе даваць сігналы Расіі, што ён фактычна падтрымлівае анэксію паўвострава, але, калі Украіна ці ЕС абвінавацяць палітыка ў гэтым, то ён абсалютна аргументавана адкажа, што ён ніколі не казаў, што Крым - гэта частка Расіі.

Еўрарадыё: На якія крокі гатова пайсці Масква, каб падтрымаць прарасійскага прэзідэнта Малдовы? Ці варта чакаць малдаванам зніжак на газ ці фінансавай дапамогі? Ці зможа Крэмль, напрыклад, дапамагчы палітыку спыніць канфлікт у Прыднястроўі?

Якуб Пенькоўскі: Перадусім, Ігар Дадон можа разлічваць на іміджавую падтрымку з Масквы. Напрыклад, на мінулых парламенцкіх выбарах Партыя сацыялістаў, якую ўзначальваў Дадон, набрала больш за ўсіх галасоў дзякуючы таму, што за некалькі дзён да галасавання палітык паехаў у Маскву на аўдыенцыю да Уладзіміра Пуціна.  Здымкі з гэтай сустрэчы з’явіліся на білбордах па ўсёй Малдове. У выніку прарасійска настроеныя малдаване прагаласавалі за сацыялістаў, бо палічылі, што Дадон мае сяброўскія стасункі з Пуціным. І пры неабходнасці палітык зможа атрымаць любую дапамогу з Масквы.

Аднак далёка не факт, што Крэмль сапраўды будзе рэальна дапамагаць Малдове. Справа ў тым, што еўрапейскія санкцыі сур’ёзна ўдарылі па эканоміцы Расіі, таму малдаванам не варта чакаць нейкай надзвычайнай фінансавай дапамогі з боку Масквы.  У дадатак, Расія не можа выдзеліць грошы выключна прэзідэнту. Расійскім крэдытам, калі ён будзе, павінен распараджацца ўрад, а ён, прынамсі,  афіцыйна, знаходзіцца ў апазіцыі да Дадона.

Што тычыцца дапамогі ў вырашэнні Прыднястроўскага канфлікту, то тут Расія даўно выступае за тое, каб Прыднястроўе вярнулася ў склад Малдовы. Праўда, на адмысловых умовах. Расія хоча, каб Прыднястроўе ў складзе Малдовы магло блакаваць любыя ініцыятывы дзяржаўных уладаў. Пры гэтым варта адзначыць, што ў Малдове жыве 3 млн чалавек, а ў Прыднястроўі каля 500 тысяч. Таму не варта чакаць, што ўлады Малдовы, нават пры кіраўніцтве Дадона, пойдуць на такія ўмовы.

Слухаць размову цалкам:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі