Калі газ патаннее для беларусаў?

Калі газ патаннее для беларусаў?

З 1 ліпеня 2016 года Беларусь набывае ў Расіі газ на 30% танней. Пра гэта дамовіліся беларускі прэм'ер Андрэй Кабякоў і яго расійскі калега Дзмітрый Мядзведзеў. "Механізм міжбюджэтнай кампенсацыі" запускаецца заднім чыслом. Праз яго частка грошай, якія мы пералічваем расіянам за газ, мусіць вярнуцца ў беларускі бюджэт.

Калі "Газпрам" знізіў закупачны кошт на газ для Латвіі, блакітнае паліва патаннела і для насельніцтва. Камуналка ў прыбалтыйскай краіне падала ўжо двойчы. Цяпер своеасаблівую зніжку на газ атрымлівае Беларусь. Еўрарадыё вырашыла даведацца, калі гэта адлюструецца ў "жыроўках" беларусаў.

Колькі плаціць за газ Беларусь і колькі плацяць за газ беларусы

Перш за ўсё, давайце палічым, колькі плаціць за газ дзяржава, і колькі плацім мы. А дапаможа нам у гэтым сайт komplat.by, на якім пералічаныя ўсе тарыфы на камунальныя паслугі.

Адна лічба ў нас ужо ёсць: $132 за тысячу кубаметраў газу, прапісаныя ў кантракце з "Газпрамам". На сайце з тарыфамі знаходзім кошт кубаметра газу для насельніцтва (28,42 капейкі), памнажаем на тысячу і дзелім на 1,9185 — сённяшні курс долара. $132 магічным чынам ператвараюцца... у $148!

Чаму Беларусь купляе газ па адной цане, а прадае даражэй? Справа ў тым, што на шляху ад "Газпрама" да кватэр ёсць прамежкавыя звёны: "Газпрам трансгаз Беларусь" (даччынае прадпрыемства "Газпрама") і "Белтопгаз", які, уласна, і забяспечвае газам беларускіх спажыўцоў. Гэтыя прадпрыемствы плацяць падаткі і маюць выдаткі на абслугоўванне трубаправодаў. Вось кошт і расце.

Акрамя таго, ёсць перакрыжаванае субсідаванне, калі адны спажыўцы плацяць больш, каб іншыя плацілі менш. Напрыклад, нашмат танней дастаецца газ беларусам, у дамах якіх усталяванае газавае ацяпленне і воданагравальнікі. Тарыф для іх — 7,76 капейкі за кубаметр. За тысячу кубаметраў і ў доларах гэта $40,5.

А беларусы, якія ўвогуле не ўсталявалі лічыльнікі, пераплачваюць за газ... у чатыры разы! 
Газ каштуе 3 рублі 68 капеек на чалавека. Сярэдняе спажыванне, па якім разлічваецца тарыф — тры кубаметры на чалавека за месяц. Колькі ў такім разе каштуе тысяча кубаметраў? 3,68/3*1000/1,9185=... $639.

Хто адказвае за тарыфы і чаму газ не таннее?

У "Белтопгазе", які набывае газ у "Газпрама" і прадае яго беларусам, каментаваць вынікі перамоваў не хочуць. Раяць звярнуцца ў Міністэрства энергетыкі.

"Справа ў тым, што "Белтопгаз" у перамовах не ўдзельнічаў. У нас цяпер кошт не памяняўся. Які быў, такі і ёсць", — распавёў Еўрарадыё памочнік гендырэктара "Белтопгаза" Мікалай Паляўчэнка.

У Міністэрстве энергетыкі адказваць на пытанні Еўрарадыё таксама не хочуць: "Пытанні цэнаўтварэння — у кампетэнцыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю".

А ў новым ведамстве, створаным на месцы Мінгандлю, у адказ на пытанне Еўрарадыё спаслаліся... на разлікі міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка. Ён сённяшнія тарыфы для насельніцтва называе "гранічна нізкімі". Калі Беларусь будзе закупляць у Расіі газ па $117 за тысячу кубаметраў, Мінэнэрга бачыць магчымасць захаваць сённяшнія тарыфы. Пра тое, што газ можа патаннець, гаворкі не ідзе.

Што ў выніку?

У выніку дзяржава плаціць за газ менш, а грамадзяне — усё роўна столькі ж, колькі і плацілі. Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб лічыць, што прапарцыянальнага паніжэння коштаў на ўнутраным рынку беларусы не дачакаюцца:

"Памятаючы папярэдні досвед — калі такое паніжэнне і адбудзецца, дык у меншай ступені, чым зменшыцца ўваходны кошт".

Эксперт у нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак таксама лічыць, што газ не будзе падаць у кошце. Яна звяртае ўвагу на тое, што асноўныя спажыўцы расійскага газу ў Беларусі — гэта не прыватныя асобы, а прадпрыемствы, якія вырабляюць цеплавую і электраэнергію.

"Самае галоўнае — колькі будзе каштаваць цяпло. Вось што важна для беларускага спажыўца. Але трэба разумець, што для нас кошт цяпла, кошт электраэнергіі будзе імкнуцца да таго, каб спажывец аплачваў 100% гэтых выдаткаў. Поўнасцю плаціў за тое, што ён спажывае".

Тым часам Мінэканомікі анансуе павышэнне аплаты за камунальныя паслугі. З новага года "жыроўка" пацяжэе на 10 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі