John Doe "Процесс"

Для магілёўскага гурта John Doe 2014 год выдаўся паспяховым. Музыкі не толькі правялі дзве рэпетыцыі, але і выдалі дэбютны ЕР.

У міньёне "Процесс", назва якога адсылае нас да рамана Франца Кафкі, малады гурт не спрабуе дабіцца праўды, ён канстатуе сваю праўду. Музыкі задаюць пытанні і выдаюць несуцяшальныя адказы. Паводле іх "людзям трэба баяцца людзей", "мінулае зноў паўтараецца", "у космасе пі*дата, а на зямлі два браты, гроб і лапата", "усе чакаюць і баяцца бацю". Пасмейваючыся, яны кажуць, што гэты альбом пра смерць.

John Doe спяваюць пра тое, што баліць. Пра падзеі, якія адбываюцца па той бок паўднёвай мяжы. Пра "бацьку фашыста", якога ўсе баяцца, і які п'е кроў сваіх дзяцей. А дзеці просяць Бога "забіць тату любоўю". Узгадваецца і Магілёў, мека беларускага рока і андэграўнда, які гурт асацыюе з "магілай — шэрай зямлёй, дзе закапаныя мары і ўсё, што табе хочацца".

Эмацыйны напал першых трох трэкаў некалькі разраджае трэк "Космос", прысвечаны Юрыю Гагарыну, дзе касманаўт спрабуе распавесці пра свае адчуванні перад палётам. Аднак ужо ў "Гісторыі мадэмуазэль О." нерв, уласцівы міньёну, вяртаецца: з надрывам музыкі распавядаюць пра тое, як можна любіць жывёл і застацца самотным на ўсё жыццё. Трэк “Спасибо” ставіць кропку ў “працэсе” John Doe, падобную да аўтаматнай чаргі.

John Doe, калі запісалі матэрыял, прабраліся падчас канцэрта Limp Bizkit у Мінску за сцэну і аддалі трэкі гітарысту Уэсу Борланду. Той упадабаў гэтае “крутое дзярмо” і пагадзіўся звесці. Наўрад ці Уэс разумеў, пра што спяваюць маладыя магілёўскія праўдашукальнікі, але, хутчэй за ўсё, яго зачапіла энергетыка гурта і правільнае выкарыстанне электронікі і жывых інструментаў. Тут музыкі пастараліся. Насычаныя інтэлектуальныя чытанкі разнастайваюцца меладычнымі прыпевамі, выкананымі ў межах стылю. Электронныя гукі і жывы саўнд ужываюцца абсалютна асэнсавана. І Уэс прыдумаў для гэтых шасці дзіўных для яго трэкаў чысты гук, дзе праслухоўваецца кожная нота і кожная літара.

John Doe заявілі пра сябе ў 2011 годзе. За гэты час выдалі некалькі сінглаў. А цяпер рыхтуюць паўнавартасны альбом. ЕР "Процесс" — гэта завяршэнне пэўнага перыяду, вучнёўскага, кажуць музыкі. Маўляў, цяпер мы ўмеем лепш. На сёння міньён магілёўцаў гучыць актуальна. Але ці будзе трушнасць гурта цікавая і найдалей? У любым выпадку хочацца, каб дэбютны альбом стаў сапраўды моцным выкідам у атмасферу. Яшчэ больш індывідуальным і не падобным ні на што. І каб у прыпевах не было і намёку на рускі рок. Каб Уэс Борланд па-ранейшаму цікавіўся жыццём гурта. І каб на зямлі быў мір.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі