Імпарт гуаявы з Беларусі ў Расію скараціўся ў 69 разоў

Імпарт гуаявы з Беларусі ў Расію скараціўся ў 69 разоў

Пастаўкі садавіны і гародніны з Беларусі ў Расію сёлета істотна зменшыліся ў параўнанні з 2015 годам. Пра гэта паведамляе сайт провэд.рф са спасылкай на Федэральную мытную службу Расіі.

Імпарт лімонаў з Беларусі за першыя сем месяцаў гэтага года зменшыўся чатыры разы, мандарынаў — у два разы, апельсінаў — у паўтара. Напрыклад, са студзеня па ліпень 2015 года ў Расію з Беларусі было ўвезена 8,8 тысячы тон лімонаў. За такі ж перыяд 2016 года — на 75% менш, або 2,1 тысячы тон.

Найбольш скараціліся пастаўкі гуаява і манга — у 69 разоў, або на 98%. Летась са студзеня па ліпень у Расію з Беларусі прывезлі 417 тон гэтай садавіны, а сёлета толькі 6 тысяч тон.

У 16 разоў знізіўся імпарт анансаў, у 13 разоў — грэйпфрутаў і какосавых арэхаў. Найменш скараціліся пастаўкі бананаў — толькі ў тры разы: з 92 да 32 тон.

Знізіліся, дарэчы, і пастаўкі кавы з Беларусі ў Расію — на 24%, або з 152 да 116 тон.

Дарэчы, скараціліся пастаўкі не толькі экзатычнай садавіны і гародніны. Пастаўкі беларускіх памідораў у Расію селёта паменшалі на 11% — з 56 да 50 тысяч тон за сем месяцаў. Затое беларускіх гуркоў расіяне атрымалі столькі, як і летась, — 16 тысяч тон.

А пастаўкі бульбы нават выраслі. За сем месяцаў года ў Расію з Беларусі прывезлі бульбы на 65% больш, чым летась, — 32,9 тысячы тон супраць 19,9 тысяч тон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі