Хто заменіць курсы беларускай мовы “Мова ці кава”?

Адкрытыя курсы беларускай мовы "Мова ці кава" закрылі з-за палітычных рознагалоссяў паміж вядучымі і стваральнікамі заняткаў. Штораз яны збіралі каля ста чалавек, якія цяпер засталіся не пры справе. Еўрарадыё вырашыла знайсці для іх магчымыя варыянты вывучэння роднай мовы. Як высветлілася, пытанне не з лёгкіх, такую колькасць студэнтаў прыняць мала хто здольны.

“ПраМова” — кшталту “Мовы ці кавы”, толькі мы не піярымся а працуем

“Ёсць у нас клуб “ПраМова”, кшталту “Мовы ці кавы”, толькі мы не піярымся а працуем, — распавядае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. — Кожную сераду ён працуе і любы жадаючы можа прыйсці і ўзяць удзел. Потым кожную вясну мы ладзім курсы па мове, гісторыі, літаратуры для дзяцей. А калі ў каго якія псіхалагічныя праблемы, то ёсць Школа асабовага росту. Усё гэта вядзецца па-беларуску. Да таго ж, цяпер у нас ёсць такое ноў-хаў: мы выкладаем польскую мову праз беларускую, а не расійскую, як звычайна”.

Праўда, памяшканні ТБМ не дазваляюць збіраць групы больш за 35 чалавек, якія ходзяць на заняткі ўжо цяпер, а пашырацца “ПраМова” не плануе.

Курсы “ПраМова” праходзяць кожную сераду ў будынку ТБМ (вул. Румянцава, 13) Пачатак у 18:45. Даведкі: +375(17)284-85-11. Сайт ТБМ.

У нас ёсць цэнтр філалагічных паслуг, праўда, туды прыходзяць абітурыенты.

“У нас ёсць цэнтр філалагічных паслуг, — прапануе больш акадэмічны варыянт намеснік дэкана Філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Важнік. — Праўда, туды прыходзяць у асноўным абітурыенты, каб падцягнуць сваю беларускую мову. Але, так бы мовіць, чалавек з вуліцы, калі будзе мець жаданне, таксама можа прыйсці запісацца ды вывучаць мову. Але трэба памятаць, што ў асноўным там разлік на людзей, якія менавіта паступаюць, напрыклад, рыхтуюцца да Цэнтралізаванага тэставання”.

Навуковы цэнтр філалагічнай падрыхтоўкі праводзіць заняткі непасрэдна на філалагічным факультэце БДУ (вул. К.Маркса, 31). Праводзіцца набор на курсы для абітурыентаў, навучэнцаў 8-10 класаў, іншагародніх абітурыентаў. Даведкі: тэл. +375(17)380-39-45. Сайт цэнтра філалагічнай падрыхтоўкі.

Вечаровых курсаў няма, бо запісалася толькі тры чалавекі.

Мінскі лінгвістычны універсітэт прапануе курсы беларускай мовы для замежных студэнтаў. Прычым, яны абавязковыя для ўсіх, хто жадае атрымаць дыплом менавіта беларускага ўзору. А вось курсы беларускай мовы для беларусаў… попытам не карыстаюцца.

“Мы гатовыя, так бы мовіць, у любы момант, але сёння вечаровых курсаў няма, — каментуюць на кафедры беларускай мовы МДЛУ. — Хоць аб’явы мы робім. Напрыклад, у мінулым годзе мы рабілі абвесткі ў метро, і так абвяшчалі і ў сеціве. Але запісалася толькі тры чалавекі. Гэтага не хапіла, каб набраць групу (8-10 чалавек), магчыма таму, што курсы платныя. У мінулым годзе каштавалі каля 1 мільёна рублёў за семестр”.

Тэлефон кафедры беларускай мовы МГЛУ +375(17)294-71-14, загадчык Васючэнка Пётр Васільевіч.

Мы набралі міні-групы дзяцей, агулам 7 чалавек.

Курсы “Кул Скул”, якія трапілі пад актыўнае абмеркаванне ў байнэце з-за рэкламы, дзе беларуская мова стаяла ў шэрагу замежных разам з англійскай і шведскай, пакуль навучаюць толькі маленькіх дзяцей. 

“Мы набралі міні-групы дзяцей з 1-га па 4-ы клас: тры чалавекі навучаюцца ў другім класе, два — ў чацвёртым і яшчэ трое дзетак ходзяць па суботах, — распавядае кіраўніца курсаў Алена Лукашэвіч. — Заняткі праходзяць два разы на тыдзень у будні ці па выходных. У нас гульнявая методыка, шмат слухаем, танцуем, спяваем…”

Алена чакае любыя ўзросты, але пакуль жадаючых не шмат. Каштуюць дзіцячыя курсы беларускай мовы 360 тысяч за месяц, для гімназістаў 15% зніжка на ўвесь навучальны год. Дарэчы, заўтра (18 кастрычніка) “Кул Скул” праводзяць адкрыты ўрок па выніках месяца, пачатак 11:15.

Курсы знаходзяцца па адрасе: Мінск, вуліца Мар’еўская, 7-а (каля кінатэатра "Мір"). Даведкі: тэл.: +375(44)500-88-21 (vel).

Прынцып курсаў: баланс паміж шоў і адукацыяй.

Застаўся яшчэ непасрэдны канкурэнт “Мовы ці Кавы”, курсы пад кіраўніцтвам Глеба Лабадзенкі і Алесі ЛітвіноўскайМова Нанова”. Цяпер яны збіраюць штопанядзелак каля 240 чалавек, большасць з якіх студэнты, якія жадаюць падцягнуць беларускую мову і знайсці сяброў, з якімі можна было б на ёй паразмаўляць. Прынцып курсаў: баланс паміж шоў і адукацыяй, кажа Глеб Лабадзенка.

“Я з адукацыяй журналіста, а Алеся — філолаг. Таму яна рыхтуе паўгадзінную вельмі сур’ёзную частку, дзе людзі вывучаюць правілы, граматыку, напісанне, вымаўленне. А я рыхтую слоўнікі, то бок кожны раз людзі дазнаюцца пэўны пласт лексікі на пэўную тэматыку. А ўжо астатні час — забава, дзе мы падбіраем цікавосткі розныя, запрашаем адпаведных гасцей, якія распавядаюць пра свой досвед ды размаўляюць з прысутнымі”.

Заняткі адбываюцца кожны панядзелак ў 19.00 у Мінску ў “Галерэі Ў” (пр-т. Незалежнасці, 37-а). Сайт “Мова Нанова”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі