Хто выйграе ад павелічэння сумы страхавой выплаты па ДТЗ без афармлення ДАІ

Памер страхавой выплаты па “еўрапратаколе” павялічыцца з 200 да 400 еўра. Гэта азначае, што калі шкода, нанесеная машыне ў выніку аварыі, не перавышае ўказанай сумы, можна не выклікаць ДАІ — а самастойна запоўніць неабходныя паперы і ехаць з імі да вашага страхоўшчыка.



Паводле слоў супрацоўніка "Белдзяржстраха", у іх кампанію летась звярнуліся за выплатамі па страхоўцы звыш 55 тысяч пацярпелых у ДТЗ. З іх каля 15% — з “еўрапратаколамі”. Але і пасля ўвядзення гэтай практыкі афармлення дарожна-транспартнага здарэння ў чэрвені 2010 года і пасля павелічэння сумы выплаты страшоўшчыкі ніякіх зменаў у сваёй працы не адчуюць.



Прадстаўнік "Белдзяржстраха":  “Усё адно ж гэты чалавек, з ДАІ ці без ДАІ, але прыйдзе да нас. Калі заканадаўства дазваляе да 400 еўра, то мы зробім тую самую працу. Проста гэта дадатковы бонус звычайнаму чалавеку — ён эканоміць час, а ў тым жа Мінску прыезду ДАІ даводзіцца часам чакаць і гадзіну, і дзве, ён не сустракаецца з ДАІ і не плаціць штраф за ДТЗ”.



Есць некалькі ўмоў, калі ўдзельнікі аварыі могуць “разыйсціся” без дапамогі ДАІ. Найперш, шкода павінна быць нанесеная толькі машыне — не павінны пацярпець людзі. У абодвух удзельнікаў ДТЗ павінна быць сапраўдная страхоўка, спрэчак, хто мае рацыю, а хто вінаваты, не мусіць быць, абодва кіроўцы прызнаюць, што вінаваты ў аварыі — цвярозы. Усё, можна запаўняць бланк “еўрапратаколу”, які выдаецца кожнаму падчас страхавання машыны, і ехаць з ім да страшоўшчыка.



Прадстаўнік "Белдзяржстраха":  “Памер шкоды вызначаецца нашым спецыялістам паводле разлікаў, якія ён сам складае згодна з дзеючымі правіламі. А далей чалавек атрымлівае наяўныя грошы на рукі, з якімі ён можа рабіць усё што заўгодна”.



Можа паехаць рамантавацца да прыватніка “ў гараж” і нават зэканоміць, а можа — паехаць на сэрвіс.



Прадстаўнік "Белдзяржстраха": “Калі чалавек прыносіць дакументы, якія пацвярджаюць факт рамонту, то страхоўшчык павінен даплаціць ПДВ і іншыя падаткі, якія ўключаныя ў кошт гэтых паслуг. Бо першапачаткова памер нанесенай шкоды вызначаецца без ПДВ”.



Такім чынам, новаўвядзенне выгадна аўтааматарам — і штраф плаціць за ДТЗ не трэба, і марнаваць час на тое, каб дачакацца прыезду супрацоўнікаў ДАІ. Але калі са штрафам сапраўды ўсё так, пацвярджае супрацоўнік групы прафілактыкі дарожна-патрульнай службы гродзенскай ДАІ, то са змарнаваным на чаканне ДАІ часам не ўсё так проста.



Супрацоўнік ДАІ: “Людзі ўсё ж такі звычайна сумняваюцца ў тым, якая шкода нанесена, і таму ўсё адно выклікаюць супрацоўнікаў ДАІ. І толькі пасля яны звычайна раз’язджаюцца “па распісках” — без складання пратакола здарэння і ўсіх іншых матэрыялаў”.



Атрымліваецца, што калі колькасць выклікаў і зменшыцца, то не нашмат. І ніякай выгады супрацоўнікам ДАІ ад зменаў у закон “Па пытаннях страхавой дзейнасці” не будзе?



Супрацоўнік ДАІ: “Адна справа — супрацоўнік ДАІ прыехаў і ўзяў распіскі з абодвух удзельнікаў здарэння, што яны адзін да другога не маюць прэтэнзій. І іншая справа — узяць у кожнага з іх тлумачэнні, замаляваць схему здарэння, калі вінаваты вядомы, то скласці пратакол — ужо атрымліваецца працы на тры дакументы менш. За той час, які супрацоўнік патраціць на такое ДТЗ, ён, напэўна, больш спыніць іншых парушэнняў — перавышэння хуткасці, яшчэ нешта выявіць за гэты час”.



Адзіная небяспека “еўрапратакола” ў тым, што рамонт машыны можа пацягнуць больш чым 400 еўра. Але калі распіскі з адмовай ад прэтэнзій напісаныя і “еўрапратакол” складзены, то нічога ўжо не зменіш. Ісці ці не на такую рызыку, кожны вырашае сам.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі