Гурт Radiohead знік з інтэрнэту

Гурт Radiohead знік з інтэрнэту

У інтэрнэце зніклі афіцыйныя сляды існавання брытанскага гурта Radiohead. Як перадае Бі-Бі-Сі, на працягу дня са старонак гурта ў фэйсбуку і твітары знік увесь кантэнт. Тое самае адбылося на афіцыйным сайце radiohead.com.

Уся інфармацыя таксама знікла з твітара саліста гурта Тома Ёрка, і са старонкі музыкаў на Google Plus.

Афіцыйных заяваў з гэтай нагоды гурт не рабіў. Як мяркуюць інтэрнэт-карыстальнікі, самавыдаленне з інтэрнэту можа быць часткай рэкламнай кампаніі новага альбома гурта.

Мінулыя два альбомы — In Rainbows і King of Limbs — музыкі выпусцілі без анонсу. Аднак за некалькі дзён да іх рэлізу гурт зарэгістраваў юрыдычныя асобы з аналагічнымі назвамі.

У студзені 2016 года гурт зарэгістраваў яшчэ дзве фірмы — Dawn Chorus LLP і Dawnchoruss Ltd. А ў суботу, 30 красавіка, прыхільнікам гурта прыйшлі дзіўныя ўлёткі. Між тым, чуткі пра магчымы выхад альбома Radiohead у першай палове 2016 года ходзяць даволі даўно.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі