Гурт Navi прэзентаваў сінгл “Шчасце”

Гурт Navi прэзентаваў сінгл “Шчасце”, які, на думку музыкаў, з’яўляецца іх новым крокам у творчасці і вызначае, што будзе з калектывам далей.

“У далейшым прыкладна такі матэрыял чакае нашых слухачоў: усё жыўцом і прыкладна такой дынамікі, — каментуе гітарыст гурта Арцём Лук’яненка. — У нас адбыліся невялічкія змены ў складзе, адпаведна, матэрыял стаў больш драйвовы. Натуральна, лірыкі мы не пакідаем, мы ўсё роўна выконваем усе нашыя лірычныя песні. Яны крыху іначай гучаць цяпер, але мы іх вельмі любім, і той самы рамантызм кахання застаецца”.

Цяпер некалі дуэт Navi пераўтварыўся ў сапраўдны бэнд з бубначом, басістам, клавішамі ды электрагітарай. Гэтым складам музыкі і працуюць над новым альбомам, запіс якога плануецца скончыць недзе ў восень. Але ніякіх нават прыкладных датаў прэзентацыі музыкі не называюць, каб не сурочыць.

А пакуль Navi рыхтуюць адразу некалькі відэа-рэлізаў. Першы з якіх — мульцяшны кліп на песню “Не засынай”, які ўжо даўно намаляваны, але дапрацоўка патрабуе шмат часу і рэсурсаў.

Другі кліп, акурат на песню “Шчасце”, будзе здымацца з дапамогай фотаздымкаў, якія дасылаліся аматарамі гурта для афармлення вокладкі сінглу. На адрас музыкаў прыйшла такая колькасць фотак шчаслівых людзей, што іх усе проста немагчыма было змясціць на дыск. Таму цяпер яны трапяць у відэашэраг для песні.

Паслухаць песню “Шчасце” нажыва і ў абноўленым складзе можна будзе на фестывалі “Дружба”, які пройдзе на хутары “Шаблі” 1-2 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі