Грэчаскі салавей, які спяваў для тэрарыстаў: кім быў Дэміс Русас

У Афінах на 69-м годзе жыцця сканаў самы папулярны грэчаскі спявак Дэміс Русас. Прычына смерці пакуль не паведамляецца.

“У вас цудоўная краіна і вельмі добразычлівыя людзі”, — казаў Дэміс Русас падчас свайго прыезду у Беларусь у 2007 годзе. Тады ён нават праспяваў на адной сцэне з Анатолем Ярмоленкам яго знакамітую Алесю. Летась у снежні Русас зноў павінен быў выступіць у Беларусі, але з-за хваробы канцэрт быў перанесены. Успамінаем жыццёвы шлях артыста.

Нарадзіўся ў Егіпце

Дэміс Русас нарадзіўся 15 чэрвеня 1946 года ў Егіпце, у Александрыі, у сям'і выхадцаў з Грэцыі. Сям’я была з багатымі музычнымі традыцыямі: маці — спявачка, бацька граў на класічнай гітары. Падчас вучобы ў егіпецкай музычнай школе будучая сусветная зорка засвоіла ігру на гітары, трубе, кантрабасе і аргане. Сям’я Русаса толькі ў сярэдзіне 1950 гадоў пераехала на гістарычную радзіму ў Грэцыю.

Поспех у Парыжы і Лондане

У 1963 годзе Дэміс Русас разам з Вангелісам і Лукасам Сідэрасам стварылі гурт Aphrodite's Child ("Дзіця Афрадыты"). Праз пяць гадоў пасля ваеннага перавароту ў Грэцыі яны перабіраюцца ў Парыж, дзе маюць вялікі поспех дзякуючы песні "Rain & Tears".

У 1971 годзе Дэміс Русас пачынае сольную кар'еру, першым поспехам якой можна назваць альбом Forever & Ever. Сінгл з песняй "Happy Тое Be On An Island In The Sun" падняўся да пятага месца ў самым прэстыжным у свеце брытанскім хіт-парадзе. Наступны раз на вяршыню брытанскага Тор 20 Дэміс Русас вяртаецца з аўтарскім максі-сінглам "The Demis Roussos Phenomenon". У тым жа годзе песня "When Forever Has Gone" дасягнула другога месца.

Падчас канцэртных выступаў Русас умела выкарыстоўвае свой незвычайны тэнар. Таксама ён надае вялікую ўвагу сцэнічнаму афармленню свайго касцюмаванага шоў. Дзякуючы гэтаму, грэчаскі спявак даволі хутка становіцца папулярным ва ўсім свеце.

Сям’я

Дэміс Русас пакінуў пасля сябе дваіх дзяцей — дачку Эмілію, якая жыве ў Парыжы, і сына Сірыла, які жыве ў Грэцыі. Сірыл працуе дыджэем і прапагандуе творчасць свайго бацькі. Русас быў жанаты чатыры разы. Яго апошняя жонка, Мары, — карэнная парыжанка.

Трапляў у палон да тэрарыстаў

Гэта здарылася 14 чэрвеня 1985 года. Разам з тады яшчэ будучай жонкай Памэлай Дэміс Русас падарожнічаў на Боінгу-727 амерыканскай авіякампаніі, які ляцеў з Афін у Рым. Раптам самалёт быў захоплены двума тэрарыстамі Хезбалы. Яны загадалі лётчыкам накіраваць самалёт на Блізкі Усход і запатрабавалі вызвалення 700 ліванскіх зняволеных з ізраільскіх турмаў. У выніку перамоваў Дэміса Русаса разам з яшчэ сямю грэкамі выпусцілі ў абмен на тое, што грэчаскія ўлады адпусцілі захопленага яшчэ ў аэрапорце саўдзельніка.

У закладніках спеваку давялося прабыць некалькі дзён, аднак ён быў вельмі папулярны і ў арабскіх краінах, таму тэрарысты паставіліся да Русаса добразычліва, нават папрасілі аўтограф. Праўда, на працягу некалькіх дзён патрабавалі спяваць для іх.

Дыскаграфія

Дэміс Русас мае вялікую музычную спадчыну: 3 альбомы ў складзе Aphrodite’s Child і 42 сольныя пласцінкі (разам са зборнікамі і канцэртнікамі).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі