Глыбоцкая дворніца другі год не можа дабіцца пераводу на больш лёгкую працу

Аксана Мушкат уладкоўвалася прыбіраць пад’езды ў дамах. Аказалася, трэба і на сметнік ездзіць, смецце сартаваць, і на розныя іншыя працы па горадзе. Калі ж Аксана стала адмаўляцца выконваць гэтыя абавязкі, ёй сталі ставіць менш працоўных гадзін, адпаведна, і зарплата стала меншая. А жанчыне трэба выплачваць яшчэ і крэдыт за рамонт кватэры.

Спрэчкі з працадаўцам расцягнуліся не на адзін год. Аднак 4 сакавіка яе выклікалі на пасяджэнне камісіі па працоўных спрэчках. Незалежных журналістаў, якіх запрасіла Аксана, камісія туды не дапусціла, ім давялося чакаць за дзвярыма. Не дазволілі Аксане і рабіць аўдыёзапіс пасяджэння. Разгляд справы цягнуўся каля дзвюх гадзін.

“Дзяўбалі, што яны ва ўсім маюць рацыю, а я вінаватая, — расказала жанчына пра ход пасяджэння. — Зрабілі з мяне авечку — я вінаватая, і ўсё. Зрабілі з мяне інваліда, маўляў, гэта яны ідуць мне на саступкі, што трымаюць мяне тут”.

Аксана па адукацыі бухгалтар, але такой працы ёй даць не могуць.

“У нас няма працы, тут МРЭК (медыцынская камісія) прызначае, што я магу на пасадзе бухгалтара працаваць. Зразумела, я сказала, што магу быць бухгалтарам. Мне сказалі, што ім трэба бухгалтар з вышэйшай адукацыяй”.

Майстар ЖКГ Аляксандра Плыгаўка з журналістамі размаўляць адмовілася.

Па словах начальніцы Аксаны, збіраць па горадзе паперкі праца не цяжкая. Аднак жанчына з гэтым не згодная:

“Паперкі, ну… Гэта цэлы дзень так адхадзіць, нагрузка на вочы ў мяне ідзе. Цягаць мяшкі са смеццем з аднаго канца горада ў другі — гэта, відаць, лёгка для іх, пясок цягаць. Калі атрымоўваецца, пад’язджаюць, а калі не атрымоўваецца, пешшу трэба хадзіць”.

Былы начальнік Аксаны Віктар Філіпенка сцвярджае, што звальняць Аксану ніхто не збіраецца. Яе накіравалі на медыцынскую камісію, па выніках будзе прынятае рашэнне.

“Ніхто ж яе не звальняе. Трэба афіцыйна паперу прадставіць, пацвердзіць дакументы. Дык яна ж адразу іх не аддала, трымала ў сябе. Пройдзе камісію, гэтыя дні аплацяцца ёй. Здаровая, дык здаровая, хай працуе, у чым пытанне. Тут жа ніхто пакрыўдзіць яе не хоча, гэта не наша задача”, — кажа Віктар Філіпенка.

Пакуль Аксана збіраецца прайсці камісію і спадзяецца, што прыцягненне ўвагі грамадскасці праз СМІ дапаможа ёй вырашыць праблему. 

Фота: avtoritetnoeradio.ru

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі