“Гэта ж не проста Расія. Гэта Крым”. Легальнае падарожжа на паўвостраў

“Гэта ж не проста Расія. Гэта Крым”. Легальнае падарожжа на паўвостраў

У канцы лютага 2014 года на тэрыторыі паўвострава Крым з’явіліся “зялёныя чалавечкі”. Усе вайсковыя часткі узброеных сіл Украіны і будынкі вышэйшых органаў улады былі блакаваныя ўзброенымі салдатамі, якія адмаўляліся ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам і атрымалі агульную мянушку “ветлівыя людзі”. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум, на які былі вынесеныя пытанні пра будучы статус паўвострава. Сярод прапанаваных насельніцтву варыянтаў былі “Уваход у склад РФ” і “Вяртанне Канстытуцыі 1992 года і Крым як частка Украіны”. Згодна з дадзенымі адміністрацыі паўвострава, 96,77% яго жыхароў прагаласавала за ўваходжанне ў склад Расіі, яўка склала 83,1%. Улады Украіны не прызналі вынікаў, згодна з украінскімі законамі, такія пытанні не могуць вырашацца шляхам рэферэндуму. 27 сакавіка Генеральная асамблея ААН прызнала, што рэферэндум 16 сакавіка не можа мець законнай сілы, а Крым юрыдычна застаецца часткай Украіны.

Праз тры гады пасля падзей сакавіка 2014 года афіцыйны Кіеў лічыць паўвостраў часова акупаванай тэрыторыяй. Крэмль настойвае, што Крым з'яўляецца часткай расійскай тэрыторыі.

“Гэта ж не проста Расія. Гэта Крым”. Легальнае падарожжа на паўвостраў

“А чего не через Москву?”

 

Я стаю ля вакна ўнутры будкі, абабітай лістамі гафрыраванага і пафарбаванага ў сіні колер металу. Насупраць мяне — самы сапраўдны “зялёны чалавечак” з незразумелымі нашыўкамі на форме. Будка — гэта памяшканне расійскага КПП на поўнач ад горада Армянск. Чалавечку гадоў на дзесяць менш, чым мне. Ён раз на тры хвіліны ветліва запэўнівае, што “вось зараз ужо мы вас адпусцім”. Побач адзін за адным праходзяць грамадзяне Украіны. Я пакорліва чакаю, у ветлівага чалавечка ў зялёнай форме на плячы чорны аўтамат Калашнікава. У мяне за спіной ноўтбук, дыктафон і фотакамера:

— Першы раз сутыкаюся з тым, што расіяне такім чынам трымаюць беларусаў на сваёй мяжы.
— Трэба было праз Маскву ехаць. Вы чаму не праз Маскву?
— А якая розніца?
— Ну гэта ж не проста Расія.
— А што гэта?
— Гэта Крым.

Дзяўчына ў форме памежніцы тым часам асцярожна скануе мой пашпарт, старонку за старонкай. Праз дзесяць хвілін у дзвярах з’яўляецца калега Зміцер Лукашук, за ім яшчэ адзін ветлівы “зялёны чалавечак” у званні капітана. Па ўсмешцы на твары Лукашука разумею, што нас прапускаюць. І ўжо не ведаю, ці рад я гэтаму.

“Гэта ж не проста Расія. Гэта Крым”. Легальнае падарожжа на паўвостраў
Так выглядае спецдазвол на ўезд на часова акупаваную тэрыторыю Украіны.

“Беларусаў вельмі шмат ездзіць”

 

Амаль адразу пасля сакавіцкага рэферэндуму 2014 года ў Крым перасталі лётаць самалёты “Белавіа”, за імі з раскладу зніклі цягнікі з Мінска ў Сімферопаль. Адзіным больш-менш камфортным шляхам з Беларусі ў Крым на сёння застаецца самалёт “Аэрафлота” з перасадкай ў Маскве. Кошты вагаюцца вакол лічбы 215 долараў у абодва бакі. Жадаючыя могуць паспрабаваць праехаць на ўласным аўто праз Керч на пароме. Таксама ходзяць аўтобусы. Выбраўшы гэтыя варыянты, трэба мець на ўвазе магчымыя праблемы з украінскімі уладамі. Згодна з пастановай урада Украіны (падпісанай яшчэ Яцанюком), наведваць тэрыторыю Крыма замежныя грамадзяне могуць толькі са спецыяльным дазволам. Падставаў для яго атрымання некалькі: пражыванне на тэрыторыі Крыма членаў сям’і, знаходжанне там месца пахавання блізкіх родных, смерць на тэрыторыі Крыма блізкіх родных альбо права ўласнасці на нерухомасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі Крыма. Усё гэта неабходна падмацаваць адпаведнымі дакументамі. За наведванне Крыма праз “некантраляваныя украінскімі уладамі пункты пропуску” (чытай — праз Маскву ці Керч) прадугледжаны штраф альбо арышт на 15 сутак.

Беларусы, якія не жывуць ва Украіне, могуць атрымаць дазвол на наведванне “часова акупаванай тэрыторыі” у Дзяржаўнай міграцыйнай службе Кіева. Непрыкметны аднапавярховы будынак знаходзіцца на вуліцы Бярэзнякіўская, 4А. Да сабраных даведак аб родзічах трэба дадаць тры актуальныя фотаздымкі памерам 3,5-4,5, ксеракопію пашпарта, натарыяльна завераны пераклад апошняй старонкі пашпарта на украінскую. Таксама на месцы вас папросяць запоўніць заяву на атрыманне спецдазволу (выключна на украінскай мове). Рыхтуйцеся развітацца з некалькімі сотнямі грывен, перакладчыкі і натарыусы працуюць тут жа і просяць за свае паслугі 200-250 грывен. “Беларусы вельмі часта звяртаюцца. Шмат ездзяць туды”, — расказваюць у бюро перакладаў.

Паводле украінскага заканадаўства, дазвол на наведванне часова акупаваных тэрыторый замежным грамадзянам павінны выдаць максімум за пяць дзён. Нам удалося атрымаць яго за пяць гадзін. Верагодна, папера з Міністэрства інфармацыйнай палітыкі мела значэнне. Альбо пасведчанні журналістаў. У любым выпадку, легальнае наведванне Крыма прымусіць мінімум адзін дзень патраціць на афармленне дакументаў.

“Гэта ж не проста Расія. Гэта Крым”. Легальнае падарожжа на паўвостраў
Землякоў мы сустрэлі амаль адразу пасля перасячэння мяжы. Фота зробленае паміж Армянскам і Сімферопалем.

“Хто далей у Сімферопаль? Запісвайцеся. Пішыце прозвішчы і нумары пашпартоў”

 

Адзіным легальным шляхам у Крым для беларусаў застаецца тонкі перашыек на поўначы паўвострава, які злучае Крым з мацерыковай Украінай. Бліжэйшы вялікі горад — Херсон. Да яго ― ноч у душным цягніку з Кіева альбо сем гадзін у больш сучасным “Хёндэ”. На вакзале Херсона прапановамі падвезці ў самых розных кірунках вас сустрэнуць пранырлівыя мужычкі. Калі не грэбуеце нелегаламі, можна смела пагаджацца на маршрутку да КПП “Каланчак”. Кошт за адлегласць 100 км стандартны — 200 грывен (купэ ў начным цягніку з Кіева каштуе 270). У легальных перавозчыкаў танней — 118,31 грывен.

Выбіраем легальнага, нясвежы брудна-белы “Багдан”, маршрута Мікалаеў—Чаплінка. На лабавым шкле файл з белым лістом паперы, на ім чорныя літары “КПП Каланчак”. Едзем амаль тры гадзіны. Бліжэй да пункта пропуску кіроўца пачынае гучна заклікаць запісвацца на “вялікі аўтобус да Сімферопаля”, які сустрэне нас ”з таго боку”. Просіць назваць прозвішча і нумар пашпарту. Пазней у Херсоне пачуем пра росквіт нелегальных перавозак — у Сімферопаль без перасадак на аўтобусе нелегальна і з адносным камфортам можна даехаць нават з Кіева.

“Што вы збіраецеся тут рабіць?”

 

КПП на мяжы Украіны і “часова акупаванай тэрыторыі” спачатку цяжка адрозніць ад звычайнага невялікага памежнага пераходу. Кавярня, жалезабетонныя блокі, якія перашкаджаюць аўтамабілям набраць вялікую хуткасць, памежнікі. Толькі праз нейкі час становіцца зразумела, што пераход не самы звычайны. Паўсюль акопы, маскіровачныя сеткі, звараныя паміж сабой кавалкі рэек, калючы дрот, вайскоўцы са схаванымі тварамі і адсутнасць памежных слупоў. Украінцаў праходзім за лічаныя хвіліны. Ад іх чуем літаральна два словы: “Спецдазвол ёсць?”.

Атрымліваем у пашпарты незвычайныя жоўта-блакітныя штампы (на афіцыйнай мяжы украінскія памежнікі ставяць штампы ружовага колеру) і ідзем на расійскі бок. Паміж бакамі прыкладна кіламетр старога асфальту з ямінамі. Першым сустракае малады жаўнер з трыкалорам на плячы, кідае позірк на пашпарт і запрашае праходзіць далей: “Вам міграцыйныя карты запаўняць не трэба”. Украінцы застаюцца за спінай, мы ідзем агароджанымі зялёнай сеткай праходамі, пакуль не ўпіраемся ў апісаныя на пачатку гэтага тэксту сінія металічныя будкі. Памежнікі пытаюцца, хто мы і навошта тут, скануюць усе старонкі пашпартоў, а потым запрашаюць майго калегу на прыватную размову, пакінуўшы мяне сам-насам з “зялёным чалавечкам”.

Мяжа з расійскага боку амаль такая ж, як з украінскага. Таксоўшчыкі-нелегалы, аўтобусы. Хіба што кавярні няма і сцягі іншыя.

“Гэта ж не проста Расія. Гэта Крым”. Легальнае падарожжа на паўвостраў
Графіці ў Сімферопалі.

“Няма чаго тут рабіць. Так і напішыце”

 

Вяртанне на мацерыковую частку Украіны праз тры дні пасля ўезду атрымліваецца значна больш нервовым. Чалавек у камуфляжы забірае нашы пашпарты і па чарзе запрашае на асабістую размову. Пакуль адсутнічае мой калега, спрабую разгаварыць памежнікаў за камп’ютарамі. Людзей на КПП амаль няма, памежнікам відавочна сумна:

― Як вам тут?
― Нармальна нам.
― Шмат беларусаў бывае?
― Бываюць. А вы чаму не праз Маскву? Там бы вас ніхто так не правяраў, як тут.
― Вы ўсіх тут так правяраеце беларусаў? Пашпарты скануеце, на размовы водзіце?
― Усіх грамадзян трэціх краін. Такі загад.
― Зразумела.
― Слухайце, а паміж Расіяй і Беларуссю ж цяпер таксама мяжа?
― Пашпартны кантроль толькі.
― Ну гэта тое самае, што памежны. Вось бы мне адсюль пад Бранск перавесціся.
― Не падабаецца тут?
― Не падабаецца. А вы журналіст, так?
― Так. Прыехаў паглядзець, як у вас тут праз тры гады пасля 2014. Ці можна ездзіць адпачываць.
― Няма тут чаго рабіць, так і напішыце.

Праз пятнаццаць хвілін прыходзіць мая чарга ісці “на размову”. Малады чалавек у форме доўга распытвае, што я рабіў на тэрыторыі паўвострава, навошта мне было ехаць сюды менавіта праз Украіну і пра што я збіраюся пісаць. Пераглядае усе фотаздымкі у камеры, круціць у руках журналісцкае пасведчанне і нарэшце са словамі “усяго добрага” аддае пашпарт. А пасля нечакана кажа: “Вы не падумайце. Беларусы для нас не грамадзяне трэціх краін. Мы звычайна беларусаў адразу прапускаем. Проста вы журналісты”.

У наступных матэрыялах Еўрарадыё з “крымскай серыі” можна будзе даведацца пра тое, чым жыццё ў Крыме адрозніваецца ад жыцця на звычайнай тэрыторыі, што адбываецца паміж новымі уладамі і крымскімі татарамі, ці не страшна на вуліцах Сімферопаля размаўляць па-украінску і шмат чаго яшчэ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі