Георгіеўскую стужку прадаюць поруч з чырвона-зялёнай

Георгіеўскія стужкі можна заўважыць у кіроўцаў маршрутак, таксістаў ды проста мінакоў. Пасля гісторыі з пяцігадовым хлопчыкам, з якога, нібыта, хацеў сарваць георгіеўскую стужку маладзён, кіруемся ў буйныя сталічныя крамы на пошукі, дзе ж набываюць гэтую атрыбутыку?

Інфармацыя аб скандале са стужкай з’явілася 29 верасня на інфармацыйным партале tut.by. Паводле матэрыялу, 26 верасня мінчанка Алена набыла ў “Кароне”, што ў гандлёвым цэнтры “Замак”, пакунак георгіеўскіх стужак. Аднак на выхадзе з гандлёвага цэнтра нейкі хлопец вырваў стужку ў дзіцяці, моцна яго штурхнуўшы.

У “Замку” стужку не знаходзім. Няма яе ні ў сувенірным аддзеле, ні ў аддзеле з упрыгожаннямі, ні на касе. Пра адсутнасць такога тавару гавораць і ў інфацэнтры крамы.

Але стужку Еўрарадыё знаходзіць у мінскім ЦУМе, на пятым паверсе, у аддзеле, які гандлюе тасьмой, ніткамі ды іншым матэрыялам для шыцця.

“Бяруць, калі святы блізка. 9 траўня, напрыклад”, — апісвае попыт прадаўшчыца аддзела. Каштуе танна: 1300 рублёў за метр.

Георгіеўская стужка ў ЦУМе

Аналагічны тавар знаходзім ў Гандлёвым доме “На Нямізе”, у такім жа аддзеле, разам з ніткамі ды тканінамі. Але навідавоку стужка не ляжыць, даводзіцца пытаць у прадаўцоў.

А вось у “ГУМе” георгіеўская стужка на продаж вісіць поруч з чырвона-зялёнай тасьмой. Кошт аднолькавы: 1200 за метр.

Стужка ў ГУМе

Забароны на продаж гэтай стужкі няма. Так сцвярджаюць у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. Нічога пра забарону не ведаюць і мінскія ідэолагі.

“Афіцыйнага рашэння па гэтым пытанні не было”, — каротка адказваюць у Галоўным упраўленні ідэалогіі Мінгарвыканкама.

З пяці буйных мінскіх гандлёвых цэнтраў, якія наведала Еўрарадыё, стужка прадавалася ў трох. Але ўсюды толькі ў аддзелах для hand-made падзелак. Набыць яе, як сувенір, у 5 гандлёвых цэнтрах, якія наведала Еўрарадыё, немагчыма.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі