Фядута: Ёсць аналітыкі, журналісты — дзеячаў мала. А Марцаў быў дзеячам

У суботу, 13 верасня, ад вострага лейкозу пайшоў з жыцця вядомы журналіст і выдавец Пётр Марцаў. Магчыма, далёка не ўсе ведалі, чым ён займаўся, чым быў вядомы, але мала хто з беларусаў не гартаў газеты, створаныя гэтым чалавекам, — “Белорусская деловая газета” і штотыднёвік “Имя”.
 
 
Успамінамі пра Пятра Марцава з Еўрарадыё падзяліліся людзі, якія з ім працавалі і сябравалі.
 
 
Палітолаг Аляксандр Фядута працаваў у рэдакцыі Пятра Марцава ад самага пачатку. І найперш захапляецца яго ўменнем сабраць вакол сябе самых таленавітых людзей. Але ацэньваючы сёння значэнне Пятра Марцава для беларускай журналістыкі, адзначае і іншае.
 
 
Аляксандр Фядута: “Ён даказаў сваім жыццём, што журналіст можа змагацца — змагацца за свайго чытача, за сваю газету. Што толькі не рабілі з яго выданнямі: іх выганялі з дзяржаўных і ўвогуле беларускіх друкарань, ім забаранялі распаўсюд праз беларускую пошту і Саюздрук, іх абкладалі падаткамі, іх зачынялі, ад іх адганялі рэкламадаўцаў — газеты выходзілі. І выходзілі менавіта таму, што быў Марцаў”.
 
 
Суразмоўца Еўрарадыё прызнаецца, часам працаваць з Пятром Марцавым было даволі складана — ён быў вельмі патрабавальным да сябе, а таму і да астатніх. Тым не менш менавіта ён “вырасціў” большасць самых вядомых беларускіх журналістаў. Але, кажа Фядута, вызначыўся Пётр Марцаў і ў якасці грамадскага дзеяча, які шмат зрабіў для Беларусі.
 
 
Аляксандр Фядута: “Сёння кажуць, што рускамоўны чалавек не можа быць патрыётам Беларусі. Я магу спытацца: “А Пётр Марцаў?” Гэты чалавек зрабіў для ўмацавання суверэнітэту Беларусі значна больш, чым многія прадстаўнікі беларускамоўнага асяродку, беларускамоўнай інтэлігенцыі. Разумееце, ёсць аналітыкі, ёсць журналісты — дзеячаў мала. А Марцаў быў дзеячам”.
 
 
 
З тым, што Пётр Марцаў быў знакавай фігурай не толькі для незалежнай беларускай прэсы, згодная і намеснік галоўнага рэдактара “Народнай волі” Святлана Калінкіна. 
 
 
Святлана Калінкіна: “Апроч журналістыкі ён стаяў ля вытокаў рэкламнага бізнесу ў Беларусі, і першыя рэкламныя агенцтвы, буйныя і вядомыя, якія мелі дамовы з вядомымі замежнымі кампаніямі, таксама былі агенцтвамі Пятра. Пётр стаяў ля вытокаў публіцыстычнай дакументалістыкі, і славуты фільм пра Аляксандра Лукашэнку — таксама яго рук справа. Апошнім часам ён шмат займаўся аналітыкай, гэта была для яго новая сфера. І менавіта апошнім часам мы назіралі росквіт у аналітычнай сферы: з’явілася шмат новых прозвішчаў, новых цэнтраў. І ўсё гэта Марцаў, да ўсяго гэтага спрычыніўся Марцаў!”
 
 
Пісьменнік Адам Глобус сябраваў з Пятром Марцавым шмат гадоў. Дакладней, яны сябравалі сем’ямі. І гэта найперш былі чалавечыя, а не грамадска-палітычныя стасункі, удакладняе суразмоўца Еўрарадыё.
 
 
Адам Глобус: “У нас былі адносіны чалавечыя, а не грамадска-палітычныя. Наогул, яго дзейнасць была для мяне чужая — я шмат што ў ёй не разумеў. Мы былі розныя людзі. І сябраваць з ім было даволі складана. З журналістам увогуле складана: ты яму нейкі сакрэт скажаш, а назаўтра гэта ў газеце. А потым такое непаразуменне… Альбо ён раскажа нейкую інтымную дэталь пра сябе, а я напішу. Таму ў нас былі непаразуменні на гэтай глебе, але мы з жартам, з гумарам да гэтага ставіліся. Мы лічылі, што нашы адносіны, адносіны ў сям’і, у доме, вышэйшыя за такія вонкавыя адносіны”.
 
 
 
Нагадаем, з пачатку 1990-х Пётр Марцаў выдаваў незалежную прэсу: яму належалі папулярныя “Белорусская деловая газета” і штотыднёвік “Имя”. У апошнія гады яго дзейнасць была звязаная з рэкламай, будаўнічым і нафтавым бізнесам. Марцаў быў старшынёй Рады Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).
 
 
Развітанне з Пятром Марцавым праходзіць 15 верасня з 12-й да 15-й гадзіны ў рытуальнай зале па вуліцы Альшэўскага, 12 у Мінску.
 
Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі