Фядута: Апазіцыя верыла ў перамогу толькі ў 2001 годзе

Еўрарадыё: Як вы думаеце, сёлета на выбарах у Лукашэнкі ўвогуле ёсць сапернікі? Калі не іншыя кандыдаты, то, магчыма, гэта знешнія фактары, праблемы ў эканоміцы, хоць нешта можа перашкодзіць Лукашэнку?

Аляксандр Фядута: У 2001 годзе асноўным ворагам Лукашэнкі быў дзяржаўны апарат. Ён ведаў, што чыноўнікі могуць здрадзіць. Гэтага не адбылося. У 2006 годзе галоўным ворагам Лукашэнкі была моладзь. Кіраўнік краіны разумеў, што адбылася змена пакаленняў. Таму стаўленне да моладзі ў тую кампанію было настолькі жорсткім. Але таксама нічога страшнага не адбылося, не перамаглі. У 2010 годзе самым вялікім ворагам Лукашэнкі была дэмакратычная працэдура. Імітаваўшы дэмакратычны працэс падчас кампаніі, кіраўнік краіны настолькі жорстка абышоўся з большасцю яго ўдзельнікаў. У 2015 годзе ворагаў няма.

Еўрарадыё: То бок сёлета Аляксандр Лукашэнка можа правесці абсалютна дэмакратычныя,свабодныя выбары і бліскуча перамагчы на іх?

Аляксандр Фядута: Так. Толькі справа ў тым, што Аляксандр Лукашэнка заўжды баіцца больш, чым мае сэнс баяцца.

Еўрарадыё: Што можа быць сёлета?

Аляксандр Фядута: А я не ведаю. У яго і ў 2010 годзе падставаў гэта рабіць не было ніякіх. Але Лукашэнка спалохаўся. Гэта было бачна і за тыдзень да выбараў, і яшчэ некалькі месяцаў пасля іх.

Еўрарадыё: Кандыдаты ад апазіцыі бралі ўдзел ва ўсіх выбарах. Аднак яны ўвесь час змяняюцца, калі не браць пад увагу Гайдукевіча. Ніводзін удзельнік адной з кампаній не спрабаваў балатавацца падчас наступных. Чаму так адбываецца?

Аляксандр Фядута: Ведаеце, справа не ў тым, каб адзін персанаж удзельнічаў у некалькіх выбарах запар. Спадар Гайдукевіч, вунь, удзельнічае, і што ад гэтага змяняецца для яго? Справа ў іншым. Справа ў тым, што беларуская апазіцыя не здольная забяспечыць распрацоўку адзінага сцэнарыя і яго рэалізацыю. Вось гэта найгоршае. І думаю, такая сітуацыя звязаная з тым, што пасля 2001 года ніколі не здаралася так, каб беларуская апазіцыя была ўпэўненая ў магчымасці перамогі. А ў 2001 годзе ў гэта верылі. Менавіта таму Сяргей Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць Уладзіміра Ганчарыка. І сам Домаш, і яго штаб тады верылі ў магчымасці перамогі.

Еўрарадыё: А што сёлета будзе напрыканцы выбараў? Мінулыя скончыліся Плошчай, чым скончацца выбары 2015 года?

Аляксандр Фядута: Я не ведаю. Магу адказваць толькі за сябе — я не ведаю.

Еўарардыё: На прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі бываюць прарасійскія кандыдаты? Альбо гэта перабольшванне? Якім чынам Расія ўвогуле ўмешваецца ў беларускія выбары і ці робіць гэта?

Аляксандр Фядута: Уплыў Расіі на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі вымяраецца перадвыбарчымі крэдытамі беларускаму ўраду. Разумееце, можа яшчэ нешта быць. Могуць дэманстраваць фільмы кшталту “Хроснага бацькі”. Могуць быць спробы ціску праз пэўныя выказванні пэўных дзеячаў. Напрыклад, “мухі асобна, катлеты асобна”. Альбо “хай ён спачатку Шарамета выпусціць”. Усё магчыма. Але гэта ўсё словы. Сапраўдны ўплыў — гэта эканоміка. Сапраўдны уплыў — гэта заўжды крэдыты, якія атрымлівае беларускі урад напярэдадні выбараў.

Еўрарадыё: Пытанне пра праграмы кандыдатаў. У беларускіх умовах яны ўвогуле маюць значэнне? Альбо дастаткова сказаць “Я за Захад”, альбо “Я за Расію”. І ўсё адразу зразумела.

Аляксандр Фядута: Я ведаю толькі аднаго чалавека, які ў 2010 годзе галасаваў за праграму. Гэта быў мой навуковы кіраўнік, на жаль, сёння ўжо не жывы. Дацэнт гродзенскага універсітэта Ігар Ягораў. Калі мяне выпусцілі з “Амерыканкі”, ужо пасля суда я прыехаў у Гродна, мы абняліся, і Ягораў шчыра сказаў мне, што галасаваў не за чалавека, а за праграму. Якую нават не чытаў, а назва была прыгожая — “Мільён працоўных месцаў”. І папрасіў у мяне прабачэння.

Еўрарадыё: Як думаеце, на якіх прэзідэнцкіх выбарах апазіцыя мела большыя шансы перамагчы, на якіх меншыя? Калі былі больш спрыяльныя ўмовы?

Аляксандр Фядута: Былі рэальныя ўмовы ў 2001 годзе. Былі рэальныя ўмовы ў 2010 годзе. Каб поўнасцю адказаць, чаму падчас іх, трэба альбо напісаць кнігу на 700 старонак, альбо прачытаць лекцыю гадзіны на чатыры.

Еўрарадыё: У Лукашэнкі ў сённяшніх умовах рэальна выйграць выбары?

Аляксандр Фядута: Я не лічу, што сёння ў Лукашэнкі рэальна выйграць. Не ведаю, як гэтыя ўмовы зменяцца праз год, праз два гады, альбо праз тры.

Еўрарадыё: Выбары 2010 года ў выніку прынеслі шмат пераменаў для беларусаў. У 2011 годзе было вельмі горача. Што будзе з краінай пасля выбараў-2015, на вашу думку?

Аляксандр Фядута: Усё новае — гэта добра забытае старое. Нешта зноў паўтарыцца. Але разумееце, гэта псіхалагічна ўжо не будзе мець тых наступстваў, якія меў і 2001, і 2006 і 2010 годзе. Будзе нешта іншае. Але вы спытайцеся ў беларусаў, чаму яны робяць усё для таго, каб дома замест беларускіх рублёў мець валюту. Людзі ведаюць, што хутка выбары, разумеюць, што гэта можа азначаць. Але менавіта таму, што беларусы адаптаваліся да іх, ім усё адно, што адбудзецца пасля. Для большай часткі. Беларусы, як, прабачце, прусакі. Толькі што дустам не спрабавалі атруціць. Але я думаю, што калі нават паспрабуюць дустам, то мы выжывем.

Еўрарадыё: А што здарыцца, калі Аляксандр Лукашэнка больш не будзе ўдзельнічаць у выбарах. Замест яго — іншы прадстаўнік уладаў, пераемнік. Ён будзе карыстацца такой жа падтрымкай? Наколькі Беларусь залежыць ад асобы Лукашэнкі?

Аляксандр Фядута: Некалі Лукашэнка даў абяцанне, што пасля яго сыходу ніякіх пераемнікаў не будзе. Хутчэй за ўсё, ён так і зробіць. Пераемніка не будзе, але кагосьці з кандыдатаў, на мой погляд, Лукашэнка абавязкова падтрымае. Гэты кандыдат пераможа, і гэты кандыдат зробіць усё, каб рэфармаваць сістэму, якая застанецца ў спадчыну ад мінулай улады. Калі ў новага прэзідэнта хопіць розуму, то ён зробіць гэта, не кранаючы самога Лукашэнку. І тады ўсё будзе добра.

Аляксандр Фядута скончыў філалагічны факультэт гродзенскага універсітэта (1986), у 1990 годзе быў абраны сакратаром ЦК ЛКСМ Беларусі, у снежні 1991 — першым сакратаром ЦК Саюза моладзі Беларусі, заставаўся на пасадзе да 1994 года, калі стаў членам перадвыбарнага штабу Аляксандра Лукашэнкі. Пасля яго перамогі узначаліў Упраўленне грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Сышоў у адстаўку ў пачатку 1995, працаваў журналістам расійскіх і беларускіх недзяржаўных СМІ. Аўтар кнігі “Лукашэнка. Палітычная біяграфія”.

У 2010 годзе Аляксандр Фядута працаваў у перадвыбарчым штабе Уладзіміра Някляева, 20 снежня быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. “Міжнародная амністыя” прызнала Фядуту вязнем сумлення. 20 мая 2011 года Аляксандр Фядута быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у два гады. На дадзены момант жыве і працуе ў Кіеве, увайшоў у ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча.

Фота: Антон Мотолько

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі