Футбольны сезон у Беларусі адкрыецца 11 сакавіка

Футбольны сезон у Беларусі адкрыецца 11 сакавіка

Матчам за Суперкубак адкрыецца 11 сакавіка футбольны сезон у Беларусі. За ўзнагароду будуць змагацца барысаўскі БАТЭ і цяперашні ўладальнік Кубка — жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ".

Чэмпіянат Беларусі пачнецца 1 красавіка, а завершыцца 26 лістапада. Такое рашэнне 20 студзеня прыняў выканкам асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", перадае БЕЛТА.

Выканкам вырашыў павялічыць колькасць легіянераў у клубах вышэйшай лігі да пяці на полі і не абмяжоўваць іх колькасць у заяўцы на гульню. Раней з такой прапановай выступіў Савет клубаў вышэйшай лігі.  

Удзельнікі пасяджэння ўзгаднілі лічбавы каляндар 27-га чэмпіянату Беларусі, а таксама пацвердзілі, што ратацыя паміж лігамі застанецца ранейшай. Вышэйшую лігу пакінуць каманды, якія занялі 15-е і 16-е месца, а іх заменяць два найлепшыя клубы з першай лігі нацыянальнага першынства. Такая ж ратацыя зацверджаная паміж першай і другой лігамі.

Дырэктар дэпартамента па маркетынгу АБФФ Уладзімір Беражкоў прапанаваў паказваць усе матчы чэмпіянату Беларусі ў інтэрнэце ў фармаце HD. Гэтае пытанне выканкам перадаў на абмеркаванне Савета клубаў вышэйшай лігі. Калі яго ўхваляць, то будзе падрыхтаваны спецыяльны бізнэс-план пра стварэнне ТАА для арганізацыі тэлетрансляцый матчаў чэмпіянату Беларусі па футболе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі