ЕС працягнуў санкцыі супраць Расіі на паўгода

Міністры замежных справаў ЕС на сустрэчы ў Бруселі прынялі рашэнне працягнуць на шэсць месяцаў тэрмін дзеяння першага пакету санкцый супраць расійскіх афіцыйных асобаў і прарасійскіх сепаратыстаў, інфармуе ВВС.

Гэта зроблена ў сувязі з актывізацыяй баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны і ролі ў гэтым Расіі.

Узгодненыя на брусельскай сустрэчы рашэнні павінны быць пацверджаныя 12 лютага на саміце кіраўнікоў дзяржаў Еўрасаюза. На гэтым саміце могуць абмеркаваць і дадатковыя санкцыі ў фінансавай сферы, для прыняцця якіх патрэбная каардынацыя са Злучанымі Штатамі.

У сакавіку 2014 года ЕС увёў забарону на ўезд на сваю тэрыторыю і замарозіў актывы асобаў, звязаных з анексіяй украінскага Крыма Расіяй.

Заклікі да актывізацыі ціску на Расію сталі больш настойлівымі пасля абстрэлу Марыупаля ў мінулыя выходныя, у выніку якога загінулі 30 мірных грамадзян і дзясяткі атрымалі раненні. Замежныя назіральнікі адзначылі, што, паводле папярэдніх ацэнак, абстрэл вёўся з раёнаў, якія знаходзяцца ў руках баевікоў.

Фота: vedomosti.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі