Кардыяграма

Апошнія абнаўленні: 29/09/2016

Штотыднёвая праграма, прысвечаная абароне правоў чалавека.

КАРДЫЯГРАМА 18.08.2016

18/08/2016 - 17:00
Уладзімір Кондрусь, фота spring96.org

Небяспека затрымання актыўных удзельнікаў Плошчы захаваецца да 2020 года. Менавіта тады пачне дзейнічаць тэрмін даўнасці па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010.

Размова з экспертам:

"Адстаяць свае правы ў прававым полі вельмі складана"

Юрыстка і каардынатарка грамадзянскай ініцыятывы “Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах” Тамара Сяргей 

"Хачу звярнуць увагу, што мы як грамадзяне гэтай краіны маем шэраг канстытуцыйных правоў. Адно з іх, адно з галоўных — гэта свабода выказвання свайго меркавання і права на правядзення акцый. Цяпер дзяржава спрабуе нас пазбавіць гэтага канстытуцыйнага права", — заявіла Еўрарадыё юрыстка Тамара Сяргей, каментуючы накладзены на яе кватэру арышт.

Нагадаем, судовыя выканаўцы наклалі арышт на кватэру Тамары Сяргей у Мінску, а таксама на прыватны дом Валянціны Каваленка ў Бабруйску.

Так улады спрабуюць спагнаць з грамадскіх актывістак штрафы за ўдзел у пікеце на плошчы Свабоды ў Мінску 31 сакавіка, паведамляе Радыё Свабода. Вулічнай акцыі папярэднічалі тры дзясяткі безвыніковых спробаў актывістаў трапіць на асабісты прыём да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

"Новыя метады, якія цяпер прымяняюцца, звязаная з міжнароднай сітуацыяй. У нас нібыта няма брутальных разгонаў дэманстрацыяў — міліцыянеры спакойна, парушаючы гэтым закон, назіраюць за правядзеннем акцыяў, а затым нас караюць матэрыяльна. Разумеючы, што матэрыяльныя каштоўнасці для бедных людзей вельмі істотныя. Я праблемамі суда і пракуратуры займаюся не першы год. У нас няма незалежнага суда, таму адстаяць свае правы ў прававым полі вельмі складана. Гэта як ісці з голымі рукамі на ўзброенага чалавека.

Парушаючы мае правы, яны спрабуюць надаць законнасці сваім дзеянням. Я падавала заяву на пікетаванне, я не атрымала адказу, то бок улада парушыла свае правы. Як грамадзянка гэтай краіны я выйшла на пікетаванне, бо гэта маё канстытуцыйнае права, яны гадзіну назіралі за пікетам, не спынялі. І толькі пасля заканчэння пікету, на наступны дзень, яны нібыта складалі пратаколы.

Нашай дзяржаве патрэбныя грошы, каб утрымліваць гэты вялікі апарат гвалту. Гэтыя метады запалохвання, якім з'яўляецца арышт маёмасці, будуць выкарыстоўвацца і далей".

Слухаць размову цалкам:

“Пункт часовага ўтрымання асобаў, якія шукаюць прытулак і дадатковую абарону на тэрыторыі Беларусі” ў Брэсце

У пункце часовага ўтрымання мігрантаў у Брэсце жывуць уцекачы з Афганістана і Эрытрэі. Жывуць яны за кошт Міністэрства ўнутраных спраў.

Выламаныя ў кватэру Дзмітрыя Серады дзверы, фота spring96.org

Падчас затрымання педыятра Дзмітрыя Серады міліцыянты выбілі ўваходныя і балконныя дзверы, а потым высветлілі, што ён невінаваты. 

Рубрыка “Ты можаш”:

Вядомага брэсцкага відэаблогера Сяргея Пятрухіна зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты

Сяргей Пятрухін. Фота svaboda.org

Сваім удзелам у сёлетніх выбарах кандыдат пераследуе тыя ж самыя мэты, што і пры стварэнні блогу: інфармаваць кіраўніцтва краіны аб праблемах у рэгіёнах.