Эксперты: Беларусь можа скарыстацца новымі санкцыямі Захаду супраць Расіі

Курс расійскага рубля дасягае гістарычнага мінімуму, гадавы прыбытак “Газпрама” зніжаецца на 40%, Крэмль падумвае аб продажы дзяржаўнай часткі “Раснафты” — гэта усё зусім не “бандэраўскія мары”, а рэальныя навіны са стужак інфармацыйных агенцтваў. Эканаміст Аляксандр Чубрык мяркуе, што для беларускай гаспадаркі гэта не вельмі добра:

“Відавочна, што для нашых экспарцёраў гэта не вельмі добра. Падзенне эканомікі Расіі для большасці нашых экспарцёраў азначае падзенне попыту”.

Алею ў вогнішча расійскай гаспадаркі падлівае Захад. У пятніцу, 12 верасня, Еўрасаюз амаль сінхронна з ЗША ўводзіць трэці этап эканамічных санкцый супраць Расіі. Пад раздачу трапляе абаронны сектар, еўрапейскім і амерыканскім банкам забараняюць даваць крэдыты адразу некалькім расійскім кампаніям, што займаюцца вытворчасцю ўзбраенняў. Акрамя гэтага значна ўскладняецца жыццё найбуйнейшых расійскіх банкаў — ЕС уводзіць забарону на выдачу ім займаў і інвестыцыйных паслуг.

Забаронена таксама фінансаваць “Раснафту”, “Транснафту” і “Газпрамнафту”. А ў дадатак, любым чынам дапамагаць расіянам праводзіць разведку і распрацоўку глыбокаводных і арктычных радовішчаў нафты.

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што ўсё гэта можа значна ўскладніць жыццё не толькі расійскаму ўраду, але і беларускаму.

“Звузяцца магчымасці расійскіх банкаў. І беларускія банкі, беларускія прамысловыя структуры са сваім старамодным менеджментам будуць знаходзіцца ў складанай сітуацыі”.

Расія тым часам ужо рыхтуе, як паведамляюць інфармагенцтвы, “асіметрычны адказ”. Калі пасля другога пакета заходніх санкцый Пуцін забараняе ўвозіць шэраг прадуктаў харчавання з краін ЕС, ЗША, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі, то цяпер гаворка ідзе пра ўжываныя аўтамабілі ды “некаторыя віды вопраткі”. Можна толькі ўявіць, як гэтымі днямі пачуваюцца расійскія экспарцёры.

Чаго не скажаш пра беларускіх. Аляксандр Чубрык мяркуе, што адназначна ахарактарызаваць уплыў украінска-расійскай вайны на беларускую эканоміку складана. І калі санкцыі Захаду ў дачыненні да Расіі маюць негатыўны адбітак і для нас, то санкцыі Расіі ў адказ часам могуць прыносіць Мінску карысць:

“Відавочна, што такога кшталту санкцыі Беларусі не дапамогуць. Аднак у цэлым украінскі крызіс ўздзейнічае на беларускую эканоміку па-рознаму. Гэта складаны комплекс. Ёсць негатыўныя рысы, ёсць станоўчыя”.

Леанід Заіка мяркуе, што ў гэтай сітуацыі шмат што залежыць ад кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і нават банкаў. Новая “халодная вайна” паміж Захадам і Расіяй для Беларусі можа мець самы пазітыўны вынік, лічыць эксперт.

“Калі ў беларускіх банках змогуць выкарыстаць сітуацыю, то яны могуць, скажам так, замяніць тыя расійскія банкі, якія трапілі ў санкцыйны спіс. Гэта моцна залежыць ад менеджменту”.

Аднак зважаючы на пасіўны падыход да працы, чакаць прарыву не выпадае. Маўляў, не тыя людзі кіруюць беларускімі прадпрыемствамі і банкамі. У той жа час, аператыўнасць, з якой у Расіі з’явіліся “беларускія мідыі” і беларускія яблыкі з ваколіц Варшавы паказвае, што ў Беларусі з жаданнем падзарабіць на праблемах усходняга суседа праблем няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі