Эксперт: Удзельнікам украінска-расійскай сустрэчы, магчыма, ёсць што хаваць

“Пазней званіце. Цяпер нікога няма тут, каб гэта пракаментаваць. Запланаваныя сустрэчы пачаліся. Ужо праходзяць”, — даведацца аб тым, ці пачаліся нарэшце так гучна анансаваныя перамовы ва ўкраінскай амбасадзе ў Мінску, у мяне атрымліваецца толькі з чацвёртага разу.

І больш ні слова. Ні пра месца сустрэчы, ні пра час. Нават склад украінскай дэлегацыі не раскрываецца. Нуль інфармацыі ад беларускага і ўкраінскага МЗС, мінімум — ад амбасады Расіі. Там пацвярджаюць, што амбасадар РФ ва Украіне прыехаў у Мінск.

Паўафіцыйна вядома, што Кіеў прадстаўляе былы прэзідэнт Леанід Кучма. Бліжэй да абеду журналісты “Камсамолкі” заўважаюць картэж з чатырох аўтамабіляў з міліцэйскім суправаджэннем ля дзяржаўнай рэзідэнцыі “Заслаўе”, за некалькі кіламетраў ад МКАД. Тэлеканал “Расія 24” месцам правядзення ўкраінска-расійскіх перамоваў таксама называе рэзідэнцыю на берагах Заслаўскага вадасховішча.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што перамовамі сустрэчу ў Мінску называць не зусім карэктна. Гэта хутчэй кантакты. Рэч у тым, што прадстаўнікоў так званых ДНР і ЛНР нельга лічыць паўнапраўнымі ўдзельнікамі.

“Кіеўскі бок суб’ектам перамоваў бандытаў не лічыць. Проста гэтыя сепаратысты цяпер знаходзяцца пад дахам АБСЕ. Вось у чым рэч”, — гаворыць Якаўлеўскі.

Адсутнасць афіцыйных паведамленняў аб ходзе сустрэчы ў Заслаўі з боку Расіі і Украіны эксперт тлумачыць тым, што яны (калі з’явяцца) з’явяцца пазней. І будуць хутчэй за ўсё агучаныя беларускім бокам. Нельга таксама выключаць, што нейкая інфармацыя пройдзе і па расійскіх цэнтральных СМІ. Прычыну закрытасці сустрэчы для СМІ Раман Якаўлеўскі бачыць у тым, што бакам, імаверна, ёсць што хаваць ад шырокай публікі.

“Кантактныя сустрэчы праходзяць за закрытымі дзвярыма таму, што ёсць што хаваць. Я так разумею. І дагэтуль невядома, ці з’явіліся ў Заслаўі сепаратысты. Мабыць, усё ж з’явіліся”.

Жаданне не афішаваць шырока свой удзел у перамовах з боку сепаратыстаў таксама зразумелае. Тым не менш так званы прэм’ер міністр ДНР Уладзімір Барадай вечарам 30 ліпеня паведаміў, што ў Мінску яго людзі збіраюцца дамовіцца з Украінай пра абмен палоннымі. Па формуле “ўсіх на усіх”.

Ці пагодзіцца на гэта Кіеў і ці перарасце сустрэча ў Заслаўі ў сапраўдныя ўкраінска-расійскія перамовы, пабачым неўзабаве. Эксперты прагназуюць, што яна не зацягнецца.

Фота - kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі