Эксперт: Дональд Туск будзе мець вялікі ўплыў на палітыку ЕС

У апошнія дні лета з Бруселя ў Варшаву нечакана прыходзіць навіна — прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абраны на пасаду старшыні Еўрапейскага савета. Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў мяркуе, што момант для авансу Туска абраны вельмі ўдала.

“Важна, што менавіта ў гэты момант прадстаўнік Польшчы стаў кіраўніком Еўрапейскага савета. Відавочна, што Еўрасаюзу трэба прымаць важныя рашэнні па ўсходняй палітыцы, па “Усходнім партнёрстве”, як рэагаваць на расійска-украінскі канфлікт”, — гаворыць Елісееў.

Дональд Францішак Туск нарадзіўся ў 1957 годзе ў Гданьску. Ён не паляк, а кашуб (невялікая народнасць з поўначы Польшчы, са сваёй асобнай мовай). Дзеяч “Салідарнасці”, з канца 2007 года ўзначальвае польскі урад, лідар кіруючай парвацэнтрыстскай партыі “Грамадзянская платформа”.

Палітычныя апаненты часта крытыкуюць і ўрад, і асабіста Туска за лішнюю прагматычнасць. “Платформа” далёкая ад рэзкіх ацэнак і выказванняў Яраслава Качынскага. Аднак пра падзеі на кіеўскім Майдане польскі прэм’ер ад пачатку выказваўся адназначна. “Там няма экстрэмістаў, там лепшая частка Украіны, маладыя, адважныя людзі, добра адукаваныя, якія ведаюць, чым з'яўляецца Еўропа… Гэта першы выпадак у гісторыі. Гэта людзі, якія аддалі сваё жыццё, у тым ліку, дзеля еўрапейскай інтэграцыі", — кажа ён падчас кіеўскіх падзей 21-22 лютага.

“Пуцін спыніцца там, куды яму дазволіць дайсці сама Украіна. Таму Кіеў павінен ўзяць справу ў свае рукі і вырашыць, калі ён пачне адстойваць тэрытарыяльную цэласнасць краіны і выбраць спосаб абароны сваіх рубяжоў”, — гэта ўжо красавіцкая цытата з Туска, калі ў Славянску толькі-толькі пачынаецца антытэрарыстычная аперацыя.

І адным з першых сярод еўрапейскіх лідараў Дональд Туск публічна называе падзеі на усходзе Украіны вайной. “Трэба гучна сказаць, што ніхто не можа блакаваць нашы ініцыятывы, накіраваныя на паспяховую дзейнасць Паўночнаатлантычнага саюза. Сёння, нягледзячы на ўкраінскую трагедыю, нягледзячы на вайну — таму што трэба прыняць гэтае слова — ведаем, верасень 1939 года не можа паўтарыцца", — кажа Туск на памятных урачыстасцях 1 верасня 2014 года ў Гданьску, прысвечаных гадавіне пачатку ІІ Сусветнай вайны, усяго праз дзень пасля абрання на пасаду старшыні Еўрапейскага савета.

Дарэчы, пасада гэтая зусім не намінальная. Эксперт Андрэй Елісееў мяркуе, што яе аб’ектыўна можна лічыць самай уплывовай у структурах ЕС.

“Еўрапейскі савет — гэта ўвогуле самы высокі орган Еўрасаюза. Ён вызначае асноўныя накірункі развіцця ЕС. Гэта вельмі важны орган”.

Пры гэтым эксперт прызнае, што канчатковых рашэнняў Туск самастойна прымаць усё ж не зможа — канчатковае слова застаецца за кіраўнікамі найбольш уплывовых краін, якія ўваходзяць у склад Еўрапейскага Савета.

“Вядома, паўнамоцтвы старшыні Еўрапейскага савета абмежаваныя. Галоўныя рашэнні ўсё ж прымаюць кіраўнікі краін ЕС. Але старшыня Еўрапейскага савета вырашае павестку дня, і ён можа паспрыяць таму, каб пэўнае пытанне было ўзнятае. Таксама ён адказвае за каардынацыю дзеянняў ЕС”.

Тым часам на радзіме Дональда Туска радасць ад абрання паляка старшынёй Еўрапейскага савета разбаўленая перасцярогамі за развіццё унутрыпалітычных баталій. З 1 снежня, калі Туск афіцыйна пяройдзе на новую пасаду, ён вызваліць крэсла прэм’ера. І не факт, што ў “Грамадзянскай платформе” з лёгкасцю знойдуць Туску раўназначную замену. Таму для Польшчы поспехі Туска на арэне Еўрасаюза могуць абярнуцца новымі ўнутранымі скандаламі і праблемамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі