Эдуарда Пальчыса перавялі з жодзінскай турмы на Валадарку

Эдуарда Пальчыса перавялі з жодзінскай турмы на Валадарку

Эдуарда Пальчыса, абвінавачанага ў распальванні варожасці, перавялі з жодзінскай турмы ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пра гэта Радыё Свабода паведамляе са спасылкай на родных блогера, вядомага пад нікам John Silver.

Пальчысу шмат лістуюць, таму важна, каб людзі пісалі ўжо на новую адрэсу, кажа Вікторыя Пальчыс, жонка Эдуарда. Лісты ў адказ піша і сам зняволены: учора яна атрымала адразу тры лісты, апошні за 18 верасня. У лістах ён не скардзіцца на абыходжанне і харчаванне, не губляе пазітыўнага настрою.

Адвакат Ганна Бахціна бачыла Эдуарда ў панядзелак, 26 верасня і абмяркоўвала з ім падрыхтоўку да суду. Яна казала, што Пальчыс выглядае выглядае добра, але схуднеў.

Працэс над Эдуардам Пальчысам мае пачацца 14 кастрычніка. Заснавальніка і аўтара сайту 1863x.com абвінавачваюць у “распальваньні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні” (ч.1 арт. 130 КК), а таксама ў “распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў” (ч.2 арт. 343). Паводле першага артыкула Пальчысу пагражае арышт да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, а паводле другога — зняволенне да 4 гадоў.

Пальчыс лічыць, што суд Цэнтральнага раёна прыняў сваё рашэнне пра прызнанне артыкулаў экстрэмісцкімі без даследавання саміх артыкулаў і накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі