Earworm “Amber”

Бадай з першай ноты гэтай пласцінкі вы зразумееце — тое, што робяць Earworm, не мае аналагаў прынамсі ў беларускай музыцы. Без усялякіх прэлюдый і інтра гурт рэзка пачынае гнуць сваю лінію ў першым жа трэку і тым самым дае слухачу зразумець — музыка, над якой самі Earworm працавалі 10 гадоў, не трывае спешкі. Гэта не дзіўныя, навобмацак сабраныя ў адну кампазіцыю шумы і гукі, а сапраўдныя шматслойныя гісторыі, якія не прэтэндуюць на масавасць аўдыторыі. Што праўда, для праслухоўвання гэтай музыкі патрэбны адпаведны настрой, таму рэкамендуем паспрабаваць “злавіць” неабходную хвалю.

Адна з яскравых рыс, якая вылучае гэтую каманду — віяланчэль, якую музыкі шчодра эксплуатуюць у кожным трэку. Але ў дадзеным выпадку “самотны” інструмент не надае гучанню альбома манатоннасці ці дысанансу, наадварот — падкрэслівае пульсуючы рытм, заварожвае (не блытаць з усыпляе), а бліжэй да канца амаль кожнай кампазіцыі бярэ на сябе прыгажэйшыя сольныя партыі. Адзіны неінструментальны гук, які вы пачуеце падчас усяго гучання альбома, – гэта гудзенне ці то мухі, ці то пчалы ў кампазіцыі пад назвай "Ambrosine".

Загадкавыя і верныя абранай канцэпцыі гродзенцы ва ўсім — пачынаючы ад назвы ("Вушны чарвяк"), працягваючы вокладкай ўсіх колераў бурштыну і заканчваючы назвамі трэкаў, дзе кожнай кампазіцыі даецца назва карыснага выкапня. Магічнасць Earworm яшчэ і ў тым, як нетрывіяльна партыя кожнага музыканта складаецца ў кампазіцыю, як прыгожа і ў нечым мудрагеліста яны заплятаюцца ў музычнае апавяданне. Відавочна, што Earworm умеюць вытрымліваць прапорцыі.

Падчас праслухоўвання пласцінкі часам здаецца, што музыка, якую гурт запісаў для свайго дэбютнага альбома, з’яўляецца бескампрамісным наватарствам. Тым больш, у час, калі кожны другі гурт намацвае сабе пад нагамі месца на глебе індзі-рока і пост-панка. Earworm дзёрзка эксперыментуюць з гукавым авангардам. Час ад часу партыя віяланчэлі нібыта раздзірае вуха, гвалтуе (як у фінальным трэку пласцінкі), а пасля зноў становіцца мяккай і рахманай, як штыль пасля шквалу.

Як мы казалі ў самым пачатку праграмы, Earworm — не мэйнстрым і не тая музыка, якая хутка збярэ стадыёны. Сярэднестатыстычны слухач, напэўна, абдасць Earworm поўнай абыякавасцю і проста пройдзе міма. Але мы ўпэўненыя, што і армія ўдзячных прыхільнікаў гурта ўжо шыхтуецца ў шэрагі, каб паставіць Earworm высокі ці нават найвышэйшы бал. Еўрарадыё ў іх ліку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі