Дзмітрыеў: Мы ў сабе ўпэўненыя, і здзелка з уладамі нам не патрэбная

Заява Сяргея Калякіна, што за вылучэнне Таццяны Караткевіч на самой справе не сабралі 100 тысяч подпісаў выкліканая крыўдаў на ўласную няўдачу. Так кіраўнік ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў пракаментаваў Еўрарадыё заяву лідара партыі левых “Справядлівы свет”, што неабходную колькасць подпісаў не сабраў ніхто, апроч Лукашэнкі.

Дзмітрыеў: “На Таццяну Караткевіч працавала і “Гавары праўду”, і Партыя БНФ, і большая частка сацыял-дэмакратаў, і актывісты самога спадара Калякіна і спадара Лябедзькі. І праз гэта мы здолелі атрымаць вынік. Таму ніякая здзелка з уладамі нам не патрэбная, бо ў нас ёсць кааліцыйная праца”.

Нагадаю, сёння, падводзячы вынікі кампаніі па зборы подпісаў, Сяргей Калякін заявіў, што “ніводная кампанія, за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі, не сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў”. Больш за тое, па словах Калякіна, калі каманда Караткевіч “пойдзе на здзелку з сумленнем і з уладай”, то яны не будуць больш разглядаць “Гавары праўду” як дэмакратычную арганізацыю і спыняць з ёй усялякія палітычныя кантакты.

У словах Калякіна Дзмітрыеў не бачыць небяспекі ні для Караткевіч, ні для “Гавары праўду”. Маўляў, усё гэта было сказана на эмоцыях, а калі “кампанія па паліванні брудам Караткевіч і будзе калегамі па апазіцыі распачатая, то яна хутка і безвынікова закончыцца”.

“Трэба не крыўду паказваць, што нехта сабраў подпісы, а ты не, а працаваць сумесна далей”, — кажа Дзмітрыеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі