“Два дні адсыпаўся!” — чым займаюцца патэнцыйныя кандыдаты да рэгістрацыі

21 жніўня патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты здалі апошнія подпісы ў мясцовыя выканкамы. Наступны іх выхад на сцэну адбудзецца толькі напрыканцы першага тыдня верасня, калі ЦВК пачне рэгістрацыю кандыдатаў. Здаецца, можна крыху адпачыць, але ўдзельнікі выбарчай гонкі так не лічаць.

Віктар Цярэшчанка расказвае, што адсыпаўся толькі два дні і ўжо зноў аддана працуе над тым, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты

“Суботу-нядзелю адсыпаўся. Вось, вярнуўся ў Мінск, рыхтую праграму. Рэкламны матэрыял, планшэты, выступленні па тэлебачанні і радыё, сустрэчы з людзьмі. Шмат працы, якую трэба выканаць да паседжання ЦВК па рэгістрацыі”.

Патэнцыйны кандыдат таксама заклапочаны апошнімі падзеямі на валютных рынках і падзеннем курса рубля. На яго думку, кіраўніцтва Беларусі абавязкова павінна гаварыць пра гэта з людзьмі. Але яно маўчыць па незразумелых прычынах.

Яшчэ адзін магчымы кандыдат, які здаў 100 тысяч сабраных подпісаў, Мікалай Улаховіч. Ён кажа, што адпачынку ад кампаніі зусім не мае, бо вымушаны працаваць на некалькіх працах. Маўляў, трэба ж і грошы зарабляць, а не толькі ў выбарах удзельнічаць:

“Я працую. У адпаведнасці з законам, маю на гэта права. Жыць жа трэба за нешта. Акрамя гэтага, даведкі збіраю. Па прыбытках, па маёмасці. Разрываюся паміж працамі і гэтым. Знаходжу час, пасля парцы, падчас працы — замест абеду. Займаюся зборам дакументаў”.

Шансы быць зарэгістраваным галоўны казак Беларусі пакуль не каментуе — усё можа здарыцца.

Лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, пачуўшы пытанне пра перапынак у выбарчай гонцы, адразу смяецца. Расказвае, што проста падчас нашай размовы сядзіць у штабе і праводзіць нараду:

“Вось ты мне тэлефануеш, а насупраць мяне сядзіць кіраўнік штаба Анатоль Цішчанка, побач Крыжаноўскі, вось яшчэ 12 чалавек сядзіць. Вось я зараз зачытаю табе, пра што гаворым — падрыхтоўка даведак, заяваў, разлікі з гэтым, тым, прагляд і падрыхтоўка дакладаў, падрыхтоўка тэкстаў выступаў на тэлебачанні і радыё, у газетах, тэкст на каляндарыках, тэкст на лістоўках, мае фотаздымкі, расстаноўка пікетаў па Мінску і вобласці — гэта я табе толькі асобныя пункты зачытаў. Які адпачынак?”

Кандыдат ад "Гавары праўду" і партыі БНФ Таццяна Караткевіч, відаць, адзіная жанчына, якая засталася ў выбарчай гонцы. І яна шчыра прызнаецца, што падчас невялікага перапынку ў кампаніі мае надзею сабраць дзіця ў школу.

“Сустракалася з сябрамі на выходных. Але ўсё адно сумяшчала працу з адпачынкам. У дадатак жа, трэба дзіця ў школу сабраць. Гэта для мяне вельмі важна… Цяпер, вось, сустракаюся з паплечнікамі. Абмяркоўваем вынікі збору подпісаў. Рыхтую справаздачы ў ЦВК па фінансавай падтрымцы людзей. Цяпер знаёмлюся з дакументамі, як там усё падаць. Гэта няпростая працэдура. Пакуль чакаем рэгістрацыі, збіраемся планаваць агітацыйную кампанію. На гэтым тыдні сустрэчы ў штабе, з валанцёрамі”.

Чым займаецца з 21 жніўня па 6 верасня галоўны прэтэндэнт на новае прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка, даведацца нескладана. Калі верыць афіцыйнаму сайту кіраўніка краіны, то за апошнія дні Лукашэнка сустракаўся з кіраўнікамі “Газпрама” Аляксеем Мілерам і прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майрай Морай. Звычайныя будні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі