Дэпутат Марзалюк распавёў пра “здаровы нацыяналізм” у школьных падручніках

Дэпутат Марзалюк распавёў пра “здаровы нацыяналізм” у школьных падручніках

Аляксандр Лукашэнка кажа пра “здаровы нацыяналізм” і удасканальванне гісторыі Полацка ў школьных падручніках. Яго словы тлумачыць Ігар Марзалюк, старшыня камісіі па адукацыі ў Палаце прадстаўнікоў.

Слухаць цалкам можна тут:

Пра ідэю беларускай дзяржаўнасці ад Полацка

“Доўгі час ў расійскай гістарыяграфіі даказвалі, што Полацк ― маленькі горад, што у часы Кіеўскай Русі былі два дзяржаваўтваральныя цэнтры: Кіеў і Ноўгарад. На сёння даказана, што каланізацыя славянамі Пскоўшчыны і Ноўгарадчыны паходзіла з Полацкага княства. Самыя важныя ідэі належаць Дзянісу Дуку, ён абараніў на гэтую тэму доктарскую дысертацыю. Ён даказаў і паказаў, што былі тры дзяржаваўтваральныя цэнтры: Кіеў, Полацк і Ноўгарад".

Пра першую кнігу па гісторыі Беларусі

“Першую гісторыю Беларусі напісаў магілёўскі шляхціц Осіп Цэзарый-Турчановіч у 1854 годзе і стварыў той полацкацэнтрычны канцэпт, якім беларуская гістарыяграфія карысталася ўвесь час. Гэта дазволеная цэнзурай кніга, выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу. Гэты канцэпт быў даўно, але цяпер ён верыфікуецца, умацоўваецца”.

Пра падручнікі гісторыі ў школе

“Нашы падручнікі для сярэдняй школы сапраўды нацыянальныя. Ёсць падручнікі для старэйшых класаў па XX стагоддзі, якія могуць выклікаць пярэчанні з-за фактуры. Каб пераканацца, што гэтыя падручнікі для сярэдняй школы добрыя, варта пачытаць, што пра іх пішуць вялікадзяржаўныя шавіністы. Гэтыя людзі проста паталагічна ненавідзяць нашу краіну”.

Пра ідэю школьных падручнікаў

“Нікога не абражаючы, не ствараючы ніякай ксенафобіі, мы са старонак падручнікаў імкнёмся даць нашым дзецям гісторыю, максімальна набліжаную да таго, як было ў рэальнасці. Падручнік па гісторыі ― гэта грамадзянскі катэхізіс для народа”.

Пра беларускую мову і гісторыю

“Калі нехта кажа, што беларускую мову прыдумалі палякі і бальшавікі, ці што яна ўведзеная пастановай саўнаркама ― гэта распальванне нянавісці проста, не кажучы пра тое, што гэтыя людзі проста нявыхаваныя гістарычна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі