Данкверта запрасілі прыехаць у Беларусь і гарантавалі бяспеку

Данкверта запрасілі прыехаць у Беларусь і гарантавалі бяспеку

Кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргей Данкверта запрасілі прыехаць у Беларусь. У інтэрв'ю РІА "Новости" такую прапанову агучыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

"З задавальненнем хачу запрасіць і Данкверта, і міністра сельскай гаспадаркі для таго, каб мы наладзілі нашыя адносіны ў справе паставак прадуктаў харчавання на рынкі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, — кажа Заяц. — З задавальненнем сустрэнем, пакажам нашыя прадпрыемствы, раскажам пра ўсё. Трэба ж неяк сустракацца, трэба дамаўляцца".

Пры гэтым беларускі міністр гарантаваў, што Данкверт зможа вярнуцца ў Расію: "Несумненна! Вядома, адправім... Навошта баяцца? У нас прававая дзяржава...". Як вядома, Аляксандр Лукашэнка 3 лютага даў указанне распачаць крымінальную справу ў дачыненні кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта. Нібыта, ён стварае перашкоды для паставак беларускіх прадуктаў у Расію. Крымінальнай справы пакуль няма, але МУС праводзіць даследчую праверку ў адносінах шэрагу расійскіх чыноўнікаў.

Пасля гэтых падзеяў кіраўніцтва Рассельгаснагляду прыняло рашэнне не адпраўляць у Беларусь сваіх спецыялістаў. У Маскве баяліся правакацый з беларускага боку. Не збіраецца ехаць у Беларусь Данкверт і цяпер, пасля запрашэння Леаніда Зайца. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Рассельгаснагляду Юлія Мелано. Паводле яе слоў, "не зусім зразумела, навошта яны запрашаюць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі