ДАІ спыніла нецвярозую брэстаўчанку, якая везла чатырох дзяцей

Як піша сайт realbrest.by, супрацоўнікі ДАІ на вуліцы Чырванасцяжнай  зранку выявілі 38 парушэнняў ПДР. 

Асобна інспектары адзначылі кіроўцу аўтамабіля Hyundai. Ён прыцягнуў іх увагу тым, што на заднім сядзенні з парушэннем правілаў перавозкі сядзелі чацвёра дзяцей. А ад жанчыны, у якой даішнікі ўзяліся правяраць дакументы, зыходзіў пах алкаголю. 

Медыцынскі агляд паказаў у 35-гадовай жыхаркі Брэста 0,68 праміле алкаголю ў крыві. Яна патлумачыла, што напярэдадні ўвечары піла піва. Дзеці былі не яе, а суседкі, якая знаходзілася на пасажырскім сядзенні. 
На парушальніцу склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў перавозкі, за адсутнасць тэхагляду, а таксама за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Ёй пагражае пазбаўленне правоў кіроўцы на 3 гады і вялікі грашовы штраф. Аўтамабіль знаходзіцца на штрафстаянцы. 

Фота — realbrest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі