ЦУМ: Сярэдні чэк турыста — паўмільёна, але пакідаюць і па тры

“Сцягі, саломку набываюць, лён. Шакалад карыстаецца попытам. Пытаюць пра трыкатаж і пра вопратку”, — пералічваюць Еўрарадыё зацікаўленасці хакейных турыстаў у ГУМе.

А 10-й гадзіне турыстаў тут няма: пачынаюць хадзіць пасля абеду, кажуць прадаўцы. У аддзел вопраткі ГУМа прыходзяць літоўцы і “англамоўныя”. Але набываюць няшмат, скардзіцца прадаўшчыца.

“Прыходзяць… Увечары — не, удзень у асноўным. Англамоўныя, літоўцы, латвійцы прыходзілі. Разлічыцца праблем няма, разумеемся”, — кажа прадаўшчыца пра моўныя бар’еры.

Найбольшы наплыў — у аддзеле сувеніраў. Сярэдні чэк турыста тут — паўмільёна. Лепш за ўсё бяруць магніты, куфлі, шалікі і шапкі. Шапка і шалік з атрыбутыкай зацягне на 300 тысяч. Турысты з Расіі пытаюць таксама пра золата.

Слуцкі пояс за 6 тысяч долараў з крамы сувеніраў “Лянок” турысты яшчэ не набылі.

“Бяруць лялек, льняныя паясы, зрэдку — вопратку”, — распавядае прадаўшчыца. У краме нават ёсць свой перакладчык, але часцей заходзяць расіяне. Сярэдні чэк тут — больш за мільён.

У ЦУМе падчас чэмпіянату пакупнікоў стала ў тры разы больш, за кошт турыстаў, кажуць у аддзеле сувеніраў.

Набіраць могуць на 3 мільёны, з сярэднім коштам сувеніра ў 20 тысяч. Але па сярэдняму трацяць паўмільёна. Добра ідуць магніцікі і хакейная атрыбутыка, расказваюць прадаўцы.

“Крышталь” у гандлёвым цэнтры “Сталіца” на кожным турысце зарабляе ў сярэднім 100 тысяч. Больш за усё набываюць расіяне.

“Прыходзяць да нас. Уся наша прадукцыя карыстаецца попытам. Расіяне прыходзяць, з Прыбалтыкі турысты, славакі таксама. У расіян сярэдні чэк больш. А так, каля 100 тысяч”, — гавораць у краме.

За салодкім замежнікі заходзяць у “Лакамку”, што на праспекце Незалежнасці.

“Набываюць нашы тарты, шакаладкі. Усё бяруць, у прынцыпе”, — расказвае прадаўшчыца.

На хакейныя матчы чэмпіянату свету ў Мінску набылі больш за паўмільёна квіткоў. Улады Мінска чакаюць больш за 20 тысяч турыстаў. Толькі ў адной студэнцкай вёсцы за 6 дзён спаборніцтваў паспелі пажыць 7 тысяч чалавек.

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі