Ціхановіч: Uzari & Maimuna слаба адыгралі дуэт, ды і песня...

Прадстаўнікі Беларусі Uzari & Maimuna не прайшлі ў фінал "Еўрабачання-2015". Еўрарадыё паспрабавала даведацца, што так не спадабалася еўрапейскай аўдыторыі, што песня "Time" нашага дуэта не трапіла нават у дзясятку лепшых сярод 16 краін-удзельніц паўфіналу.

Колішні стваральнік і арганізатар “Еўрафэстаў”, сталы сябра журы нацыянальных адбораў на “ЕўрабачаннеАляксандр Ціхановіч здзіўлены вынікамі першага паўфіналу конкурсу. На яго думку, і палову выступоўцаў нельга было прапускаць далей. Але “Еўрабачанне” — непрадказальны конкурс, ды і ў беларускіх прадстаўнікоў — дуэта Uzari & Maimuna — хапала хібаў.

“Неяк слаба была адыграная менавіта дуэтная частка гэтага вобразу, — каментуе знакаміты музыка. — Яны мусілі неяк больш арганічна спалучацца адзін з адным. Вось гэта тое, што мне адразу кінулася ў вочы. Ну, і музычны матэрыял, шчыра кажучы… Песня "Еўрабачання" павінна адразу выклікаць эмоцыі, яна скіраваная на тое, каб з першага праслухоўвання запомніцца. І, калі прасачыць нашы песні, якія выходзілі ў фінал, яны такія і ёсць! У Калдуна, у Юры (Тэа), у Алёны… яны чымсьці запамінаюцца, праўда!? А астатняе ўсё — справа выпадку. Uzari & Maimuna не былі горш за іншых, але так склалася!”

Аляксандр Ціхановіч лічыць, што для поспеху нам варта больш звяртаць увагі на самі творы ды больш часу выдаткоўваць на працу з выканаўцамі, каб разумець іх псіхалагічную падрыхтаванасць. Але спыняцца не трэба, мяркуе Аляксандр Рыгоравіч. Тым больш, ёсць годныя кандыдаты.

“У фінале нацыянальнага адбору былі кандыдаты, якія маглі б лепей выступіць, былі лепшыя песні за тую, што перамагла, — кажа музыка, які быў сябрам журы ў беларускім паўфінале, але на фінал прыехаць не здолеў. — Але так склалася, што прайшлі Uzari & Maimuna! Я, на жаль, там не прысутнічаў. Гэта ж конкурс, што тут зробіш! Нехта перамагае, а нехта прайграе”.

Як Uzari & Maimuna трапілі Еўрабачанні-2015 (відэа)

"Песня ніякая, спяваў ніяк, у Маймуны вочы напалоханыя..., — каментуе выступ беларусаў Аляксандр Саладуха. — А вось выступ Паліны Гагарынай з Расіі мяне забіў напавал. Учорашні выступ Юзары і Маймуны непараўнальны з той жа Алёнай Ланской ці Тэа. Вось гэта былі нумары, гэта была падача, гэта былі песні! Ва ўсялякім выпадку, у параўнанні з “Time”".

Тым не менш, музыка перакананы, што працягваць удзел у “Еўрабачанні” неабходна, бо заўсёды прайграе той, хто не ўдзельнічае. Маўляў, “абавязкова знойдзецца той, хто прынясе перамогу нашай краіне”.

Беларуская спявачка Іскуі Абалян, якая сёлета ўваходзіць у склад беларускага журы "Еўрабачання", лічыць што нашым прадстаўнікам на еўрапейскім песенным конкурсе проста не пашанцавала.

“Так вызначыла еўрапейскае журы ўнутры іншых краін, што тут паробіш, — каментуе нявыхад у фінал Uzari & Maimuna Іскуі. — Але гэта не значыць, што яны дрэнна выступілі! Я лічу Юзары вельмі моцным музыкам з добрым густам і яскравай індывідуальнасцю, таму… тут жа ведаеце, як карта ляжа. Натуральна, былі і мацнейшыя нумары ў іншых выканаўцаў, але да гэтага трэба ставіцца як да снегу зімой. Я не ведаю, што трэба зрабіць беларускаму артысту, каб выскачыць у плюс. Трэба зрабіць нешта немагчымае і аўтэнтычнае”.

Спявачка перакананая, што сам факт выступу ў Вене — ужо вельмі добры. Тым больш, што Беларусь параўнальна нядаўна ўдзельнічае ў Еўрабачанні, якое мае шмат сваіх традыцый. А мы толькі пачалі развівацца ў гэтым накірунку, таму і не трэба так сур’ёзна ставіцца да гэтага конкурсу.

Блогерша і актрыса Юля Шаўчук таксама бачыць прычыну нашых частых паражэнняў у занадта сур’ёзным стаўленні да конкурсу. “Туды трэба ехаць адпачываць і адрывацца, — пераконвае актрыса. — тады ўсё атрымаецца”.

Нагадаем, пасля першага паўфіналу далей прайшлі прадстаўнікі Албаніі, Арменіі, Расіі, Румыніі, Венгрыі, Грэцыі, Эстоніі, Грузіі, Сербіі і Бельгіі. Яшчэ дзесяць фіналістаў стануць вядомыя 21 траўня. Фінал жа “Еўрабачання-2015” пройдзе 23 траўня. За перамогу ў 60-м песенным конкурсе пазмагаюцца 27 краін: па дзесяць пераможцаў двух паўфіналаў, краіна-гаспадыня (Аўстрыя), 5 краін-заснавальніц Еўрапейскага вяшчальнага саюза (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Германія і Іспанія) і ўпершыню Аўстралія, якая ўдзельнічае ў якасці выключэння.

Фота: heraldsun.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі