Ці ёсць шанец на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча

“Спадзяюся, што хоць ініцыятыўную групу зарэгіструюць”

Такога меркавання прытрымліваецца жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Яна кажа, што патрабаванне быць юрыдычна чыстым перад законам тычыцца асобы кандыдата, і на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы грамадзян не паўплывае:

“Насамрэч, мне здаецца, што гэтае патрабаванне тычыцца рэгістрацыі самога кандыдата. А для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян для збору подпісаў ёсць толькі адно патрабаванне да патэнцыйнага кандыдата — калі чалавек, які плануе вылучацца, не адпавядае патрабаванням кодэкса, а там — узрост, грамадзянства”.

Адамовіч таксама дадае, што не ведае, “што там у галовах у гэтых людзей”, таму гатовая да любога сцэнарыя. На дадзены момант яна займаецца фармаваннем ініцыятыўнай групы. Для гэтага трэба знайсці 100 чалавек і падаць усе неабходныя дакументы ў ЦВК не пазней за 22 ліпеня.

“Рэгістраваць ініцыятыўную групу Статкевіча — незаконна”

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адразу катэгарычны: “Прычынай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы з’яўляецца неадпаведнасць прапанаванага кандыдата патрабаванням заканадаўства”. Так што, шансаў легальна збіраць подпісы за вылучэнне Мікалая Статкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі не будзе.

З Лазавіком згодны незалежны эксперт па выбарчым праве Сяргей Альфер. Гаворыць, што у адваротным выпадку выбарчы кодэкс не меў бы логікі:

“Калі асоба не можа быць зарэгістраванай у якасці кандыдата ў прэзідэнты, то абсалютна лагічна, што нельга рэгістраваць ініцыятыўную групу. Так што, гэтае пытанне вырашаецца абсалютна жорстка — Мікалай Статкевіч на сённяшні дзень з'яўляецца асуджаным, і згодна з заканадаўствам не мае права вылучацца на дзяржаўныя пасады”.

Ці ўсё ж зарэгіструюць?

Прыхільнікам такой версіі з’яўляецца Уладзімір Някляеў. Ён усё больш актыўна агітуе апазіцыю аб’яднацца і зняць свае кандыдатуры на карысць Мікалая Статкевіча. Мяркуе, што тым самым можна парушыць сцэнарый уладаў. А там, глядзіш, усё можа адбыцца.

“У тым і справа, што не факт. Я сто разоў пра гэта паўтараў. У чым сутнасць прапановы па зняцці ўсіх кандыдатаў на карысць Статкевіча. Усё, што цяпер апазіцыя робіць, ужо было пяць разоў. Цяпер нам прапануецца той жа спектакль з удзелам аднаго акцёра… Трэба гэта змяніць, адмовіцца ад удзелу ў кампаніі. Не вядома, што будзе, калі Лукашэнка застанецца зусім адзін. Такога яшчэ ніколі не было”, — перакананы экс-кандыдат.

У кожным выпадку, Някляеў гатовы збіраць подпісы за Статкевіча нават нелегальна. “Гэта, бадай, адзіны шанец для апазіцыі захаваць свой твар. І гэта не нейкая літаратура, драматургія. Гэта сапраўдная палітыка”, — перакананы ён.

Але пакуль Някляева ніхто не падтрымаў. А былая паплечніца і кандыдатка ад “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч нават адкрыта заявіла, што здымацца на карысць Мікалая Статкевіча не збіраецца. Што вырашаць іншыя. даведаемся не пазней за 22 ліпеня — апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.

Мікалай Статкевіч трапіў за краты пасля падзей 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У траўні 2011 года ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і асуджаны да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На свабоду Мікалай Статкевіч павінен выйсці напрыканцы 2016 года. Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць Статкевіча палітзняволеным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі