Ці можна дапамагчы Ніне Багінскай уратаваць лецішча ад канфіскацыі?

Ці можна дапамагчы Ніне Багінскай уратаваць лецішча ад канфіскацыі?

Сёлета Ніна Багінская была на васьмі акцыях, і на кожнай на яе складалі пратакол. А на акцыі з нагоды Дня Незалежнасці — адразу два. Агулам Ніна Багінская мусіць выплаціць 75 мільёнаў рублёў, ці амаль 3750 долараў.

Грошай такіх у пенсіянеркі няма, пенсія — 2,5 мільёны рублёў, канфіскоўваць у мінскай кватэры — няма чаго. І судовыя выканаўцы знайшлі выйсце: прынялі рашэнне прадаць з аўкцыёну лецішча пенсіянеркі. Аўкцыён адбудзецца 17 жніўня ў Смалявічах. На продаж выстаўлены зямельны ўчастак памерам 0,7 гектара з садам і агародам, а таксама дом плошчай 27 квадратных метраў. Першапачатковы кошт маёмасці — 100 мільёнаў рублёў.

Няўжо ніхто — ні арганізатары акцый, ні грамадскія арганізацыі — не падумалі пра дапамогу жанчыне? Як высвятляецца, дапамогу ёй прапаноўвалі, але Ніна Багінская яе… не прымае.

“Я ім сказала: “Вы мне прабачце, але ні ў чым не вінаватая. І гэта маё жаданне  хадзіць на мітынгі і дапамагаць маладым. Бо моладзь за гэта выганяюць з працы і вучобы, а мяне няма адкуль выганяць. І пенсію мне ўсё адно даюць. І таму  няхай здымаюць гэтыя штрафы з пенсіі. Я сама адмовілася браць гэтыя грошы”.

І прызнае, што ў гэтым пытанні спрацоўвае яе ўпартасць: Ніна Багінская лічыць сябе ні ў чым не вінаватай. А што выходзіць на вуліцы і стаіць з бел-чырвона-белым сцягам, то мае на гэта права па Канстытуцыі.

Тым не менш не выключае, што пакупнік на яе маёмасць можа знайсціся. Але адступацца не збіраецца.

“Пагляджу, што ён будзе рабіць: ламаць дзверы, выносіць маю маёмасць? Але ж гэта ўжо разбой! Я тады буду пісаць скаргу пракурору, скажу, што ён скраў маю маёмасць”, — абяцае Ніна Багінская.

Але, напрыклад, у Віталя Гуркова ніхто дазволу збіраць грошы на аплату яго паездкі на спаборніцтвы не пытаўся. Людзі самі арганізаваліся, сабралі і проста перадалі неабходную суму спартсмену. Можна было б так зрабіць і ў выпадку з Багінскай. Вось толькі і такой дапамогі пенсіянерка не хоча.

“Не хачу я гэтага… Ну, вы разумееце, не трэба гэтага рабіць”, — адмаўляецца Ніна Багінская.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі