Ці маюць сертыфікат трусы ў краме канфіскату?

У краме канфіскату знаходжу бялізну — звычайныя стрынгі, шорцікі, а таксама цэлую калекцыю купальнікаў. Бялізна вісіць на вешалках і ляжыць у кучы ў цэнтры гандлёвай залы.

Вытворца бялізны — Кітай, цана трусоў — ад 34 тысяч рублёў у сярэднім. Ёсць трусы і за 2 долары, але гэта сінтэтыка і ўжо надарваная пакупнікамі.

На этыкетцы — цана і звесткі пра тое, калі і дзе тавар быў канфіскаваны. Трусы, да прыкладу, за 83 000 рублёў былі канфіскаваныя недзе ў Віцебскай вобласці. І ўсё, ніякіх апазнавальных знакаў ці намёкаў на тое, што трусы прайшлі сертыфікацыю і могуць прадавацца на тэрыторыі Беларусі імем Мытнага саюза!

Ці мо што змянілася за апошні час? Бо добра памятаю, як за тое, што ў прадпрымальнікаў у гандлёвым цэнтры “Імпульс” не было сертыфікатаў на адзенне, канфіскоўвалі тавар.

Дырэктарка сеткі крамаў бялізны Алена заўважае, што нічога новага — сертыфікаты патрэбныя.

“У мяне гэта цяпер праходзіць даволі хутка і адносна танна, бо ёсць запоўненыя пратаколы. Але хто пачынае з нуля — будзе і дорага і доўга. Іпэшнікі прывыклі, што не трэба ніякіх дакументаў — набыў-прадаў, вельмі проста”, — Алена кажа, што не мае нічога супраць сертыфікатаў, бо “навошта забіваць крамы гэтым шлакам, гэтым лайном, якое нікому не патрэбнае і вельмі нізкай якасці”.

“У канфіскаце не ведаю, чаму без сертыфікатаў. Але ж там дзяржаўны гандаль. Прыватны гандаль і дзяржаўны — гэта зусім розныя правілы гульні”, — шкадуе Алена.

У ГУМе таваразнаўца Ірына кажа, што на ўсю прадукцыю ёсць дакументы. Шчыра кажучы, яе пытанне пра сертыфікаты нават здзіўляе, бо працуюць толькі з тымі пастаўшчыкамі, у якіх ёсць дакументы.

А вось у дзяржкраме канфіскату “Ваш выбар” мне кажуць, што на на трусы “made in China” ніякі сертыфікат і не патрэбны.

“На канфіскат і не патрэбныя ніякія сертыфікаты, толькі на дзіцячыя рэчы. Ёсць дзве пастановы — камітэта па стандартызацыі РБ і Мінаховы здароўя. Тут пералічваецца, які тавар павінен быць сертыфікаваны: дзіцячыя тавары, хімічныя рэчы, посуд, сродкі асабістай гігіены, касметычныя сурвэткі, будматэрыялы… І ўсё. Адзення няма ўвогуле для дарослых, ніякага. Толькі для дзяцей. Дзяржстандарт і Мінаховы здароўя кажуць, што для канфіскаваных тавараў гэта не патрэбна”.

То бок на туалетную паперу сертыфікат трэба, а на бялізну — не?

Пытаюся, ці будзе сертыфікат на бялізну, калі ў прадпрымальніка сертыфікат ёсць, а тавар у яго канфіскавалі, да прыкладу, праз парушэнне падатковага заканадаўства?

Аказваецца, нават калі сертыфікат быў, ён не будзе фігураваць нідзе.

“Сертыфікату ў такіх выпадках ўсё роўна патрабуецца пацверджанне, таму, як правіла, ён нідзе не фігуруе. Бо ў асобы, якая канфіскуе, няма ўпэўненасці ў сапраўднасці сертыфікату. А праз тое, што працэдура каштуе грошай, праводзіцца праверка толькі тых тавараў, якія ўключаныя ў спіс. Бялізна нікуды не ўключаная, таму на яе сертыфікатаў не будзе ніякіх”.

Еўрарадыё: Дык тэарэтычна тое, што канфіскавалі, да прыкладу, у прадпрымальніка на рынку, бо ў яго не было сертыфікатаў, трапляе да вас зноў жа без дакументаў, і вы можаце прадаваць?

“Канфіскат”: Так, можам. Бо ўсё канфіскаванае мусіць прадацца ў даход дзяржавы.

Такая дзяржава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі