Ці ходзяць чыноўнікі на працу са сваёй туалетнай паперай?

“Учора сабралі ўсіх супрацоўнікаў нашага тэатра, каб паведаміць, што з гэтага часу тэатру забаронена купляць туалетную паперу ў прыбіральні супрацоўнікаў тэатра… Акцёры самі скідваюцца на ваду ў кулер, карыстаецца сваёй касметыкай, а вось цяпер кожны будзе захоўваць свой асабісты рулон ў тумбачцы. А там ужо зусім блізка да арэнды касцюмаў…” — іранізуе ў Фэйсбуку адна з актрыс сталічнага Тэатра лялек.

Галоўная бухгалтарка тэатра пацвярджае гэтыя словы актрысы без іроніі:

"Учора ўсім аб'явіла, што не будзем з тэатральных грошай закупляць, каб кожны пра сябе клапаціўся сам. Пакуль пытанне стаіць пра паперу. Ваду мы і так не закуплялі — толькі апарат купілі. Усё, што патрэбна для спектакляў, набывае тэатр".

З-за рэжыму жорсткай эканоміі адмяняе туалетную паперу ў прыбіральнях для артыстаў і Рускі драматычны тэатр імя Максіма Горкага.

"Мабыць, персанал усё ж будзе сам набываць, таму што тэатр цяпер перажывае не самыя лёгкія часы. Будзем эканоміць, вядома. Але, натуральна, сваіх гледачоў не пакінем без туалетнай паперы", — жартуюць у тамашняй бухгалтэрыі.

Дарэчы, тэатр эканоміць не толькі на туалетнай паперы і вадзе, якую лічыць вялікай раскошай, і якую таксама набываюць самі артысты. Па інтэрнэце гуляе фота з аб'явай, дзе адміністрацыя тэатра просіць актрыс часова самім набываць сабе шкарпэткі на спектаклі! Хаця, нам у бухгалтэрыі абяцаюць не пакінуць актрыс без шкарпэтак.

"У мінскіх тэатрах на паперы эканомяць? Вы мне Амерыку адкрылі! — здзіўляюцца ў Гродзенскім тэатры лялек. — Мне яшчэ ніхто такога не гаварыў. "Падаткі ў Беларусі" выпісваю — нідзе такое не напісана. Але ў Мінску, можа, відней".

Каб удакладніць сітуацыю, якую ў інтэрнэце называюць “падаткам на туалетную паперу”, Еўрарадыё тэлефануе ў Міністэрства падаткаў і збораў. Няўжо чыноўнікі таксама ходзяць на працу са сваёй туалетнай паперай?

“Вы што думаеце, Міністэрства закупляе бутэляваную ваду? Можаце нават не сумнявацца — не закупляе. З бюджэту на гэта грошы не прадугледжваюцца. Кожны набывае сабе ваду для піцця самастойна. І паперу таксама. Нічога дзіўнага. Я працую на дзяржслужбе 15 гадоў, і ні разу Міністэрства і падатковая інспекцыя не набывалі на мяне ні паперу, ні ваду. Вада ёсць у кране”, — кажа начальнік аддзела інфармацыйна-тлумачальнай працы міністэрства Сяргей Шкут.

Па яго словах, гаворка ідзе не пра падатак, а сацыяльны плацёж на прадстаўнічыя выдаткі. Ініцыятыва належыць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Як там справа з туалетнай паперай у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, застаецца невядомым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі