Ці ездзіць кандыдат і дзеючы дэпутат на працу на метро?

Ці ездзіць кандыдат і дзеючы дэпутат на працу на метро?

Кандыдаты ў дэпутаты парламента выступаюць з праграмамі па тэлебачанні. Кажуць пра зробленае, даюць абяцанні. Вырашаем праверыць, ці ўсё сказанае адпавядае рэчаіснасці. Праанілізуем выступ кандыдата ў дэпутаты па сталічнай Шабаноўскай выбарчай акрузе №91, дэпутата парламента Аксаны Няхайчык.

ШТО КАЖА КАНДЫДАТ

“Мы з вамі ездзім адным грамадскім транспартам, ходзім у адны паліклінікі”

А ЯК НА САМОЙ СПРАВЕ

“На метро езджу, вядома. Але часам – на асабістым транспарце. Проста, у мяне ёсць аўтамабіль. Жыву недалёка ад метро "Кунцаўшчына" і мне зручна ездзіць на метро. Альбо, калі ведаю, што трэба наведацца ў акругу, тады еду на ўласным аўтамабілі. Вы ж разумееце, калі прыём да 19 гадзін, на машыне дамоў вернешся хутчэй. Я ўсё ж такі і жанчына, і маці, і жонка, і гаспадыня — мне трэба паспець і паесці прыгатаваць, і добра выглядаць. Але часам езджу і на аўтобусе. І вельмі мяне абурае тое, што прыгарадныя маршруты скарачаюць. Калі еду на метро, то набываю разавы жэтон. Каштуе ён, задаецца, 5500. Бясплатных праязных нам не даюць, таму ведаю. А вось калі б вы ў мяне спыталі, колькі каштуе бохан хлеба, то я б вам адразу і не адказала: плачу карткай і не асабліва засяроджваю ўвагу на коштах”.

“У паліклініку хаджу 31-ю, а не ў тую, пра якую вы пішаце, спецыяльную паліклініку для дэпутатаў. Не, я засталася ў сваёй паліклініцы. Загадзя запісваюся па інтэрнэце да доктара, бяру талон. Пакуль сядзіш на прыём да доктара, шмат пачуеш! Цікавыя рэцэпты, як кансерваваць прадукцыю — таксама там пачуеш. Як якую хваробу вылечыць, прыпячы чым — вельмі шмат цікавага. Там наадварот падсілкоўваешся.”.

ШТО КАЖА КАНДЫДАТ

“Вынік нашай з вамі сумеснай працы — абсталяванне дзіцячай пляцоўкі для гульняў у двары дома №5 па вуліцы Герасіменкі…”

А ЯК НА САМОЙ СПРАВЕ

“Да мяне прыйшла прадстаўнік жыллёвага кааператыву і сказала, што сабралі пэўную колькасць сродкаў, жыхары падключыліся, хочуць абсталяваць дзіцячую пляцоўку, але “крыху не хапае”. Папрасіла падказаць, да каго можна звярнуцца, ці дапамагчы якім іншым чынам. Гэта мой узровень, я згодная, што там павінна быць дзіцячая пляцоўка, і я дапамагла. Як? Калі можна, то хай гэта застанецца маёй асабістай справай…”

ШТО КАЖА КАНДЫДАТ

“Больш за 50 заўваг і прапаноў, што паступілі ад вас, і ўнесеныя ў розныя законы і Кодэксы…”

А ЯК НА САМОЙ СПРАВЕ

“Актуальная праблема для нашага раёна – распаўсюджванне наркотыкаў, спажыванне. Мае выбаршчыкі казалі, што трэба рабіць больш жорсткае пакаранне для тых, хто распаўсюджвае наркотыкі. І калі абмяркоўваўся законапраект па наркотыках, то гэтая прапанова мной была ўнесеная. Шмат было размоў пра негатыўную інфармацыю, што ліецца з экранаў тэлевізараў і наносіць шкоду дзецям — і маральную, і псіхалагічную. У нас разглядаўся законапраект “Аб абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю”. Першыя спробы ўжо зробленыя. Калі стаіць знак "16+" то бацькам варта падумаць, ці глядзець гэта дзецям і скарыстацца функцыяй “бацькоўскі кантроль”. Увогуле, нешта з гэтых 50 было ўлічана, нешта — не. Розныя ж ёсць заўвагі і прапановы”.

Фота: sch141.minsk.edu.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі