Чэшскі дыпламат: Мае дзеці раслі тут і лічаць Беларусь сваім домам

Чэшскі дыпламат: Мае дзеці раслі тут і лічаць Беларусь сваім домам

Даведка Еўрарадыё: Дагмар Дзідзенка-Новаградска пачала працаваць у амбасадзе Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі ў 2011 годзе на пасадзе намесніка пасла. Цягам 2013 года яна працуе Часовым павераным у справах Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі. Пасля прызначэння паслом Мілана Экерта зноў вярнулася на пасаду намесніка кіраўніка амбасады.

Пасля пяці гадоў працы ў нашай краіне з’язджае намеснік пасла амбасады Чэшскай Рэспублікі Дагмар Дзідэнка-Новаградска. Еўрарадыё спытала ў дыпламата, як, на яе думку, змянілася наша краіна за гэты час.

Еўрарадыё: У Беларусі вы адпрацавалі амаль пяць гадоў, як за гэты час змянілася наша краіна і ў які бок?

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: Усё залежыць ад таго, як на гэта глядзець… Вядома, змянілася, у нас цяпер больш сустрэч, больш перамоў, няма санкцый, мы гэта вітаем. А ўнутры краіны… Людзі засталіся такімі, як і былі — добрымі. Безумоўна, тут ёсць шмат таго, што чалавек хацеў бы змяніць. Хацелася, каб у краіне станавілася толькі лепш, каб было адмененае смяротнае пакаранне. Тое, што былі вызваленыя палітвязні, безумоўна, добра, але і тут яшчэ ёсць шмат рэчаў, якія неабходна змяняць, да якіх грамадства павінна імкнуцца. Я не толькі пра правы чалавека. Я кажу пра тое, што грамадства павінна больш актыўнае праяўляць сябе.

Еўрарадыё: Лічыцца, што калі даволі доўга жывеш у іншай краіне, то яна, яе атмасфера, яе людзі ўплываюць і на цябе, неяк мяняюць. Вы змяніліся пад уплывам Беларусі?

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: У казцы “Маша і мядзведзь” ёсць момант, калі яе забіраюць з лесу і яна кажа: “Так, я стала дарослай і мяне ўжо трэба забіраць адсюль”. Я магу сказаць: я тут стала больш дарослай, я шмат што зразумела, а Беларусь мяне сфарміравала. І я думаю, што я менавіта тут стала большым прафесіяналам у дыпламатыі. Я маю на ўвазе, што праца ў Беларусі дала мне шмат магчымасцяў для маёй будучай кар’еры. Калі я і далей буду працаваць у гэтым накірунку, то ведаю, пра што я буду казаць на міжнародных форумах.

Еўрарадыё: А кажуць, што на міжнародных форумах цяпер цікаўнасць да Беларусі не вялікая…

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: Вы самі разумееце, што канфлікты ва Украіне, у Сірыі, міграцыйная хваля — яны прыцягваюць увагу. А Беларусь як Чэхія — невялікая краіны і не заўжды яны будуць ў цэнтры ўвагі. Але для нас, дыпламатаў, якія тут працуюць, Беларусь заўжды была ў цэнтры ўвагі: нам падавалася, што тут адбываецца шмат таго, што павінна прыцягваць увагу.

Еўрарадыё: Па чым будзеце сумаваць?

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: Шмат добрых сяброў застаецца. Але я спадзяюся, што развітваемся мы не назаўжды, я сюды яшчэ вярнуся…

Еўрарадыё: Паслом! Вопыт жа ў вас такі ўжо ёсць.

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: Гэта было б выдатна! А вопыт сапраўды ёсць, я кіравала амбасадай. Праўда, не ў якасці пасла, але… Пауль гэта здарыцца, я буду па людзях сумаваць.

Еўрарадыё: За час працы вы паспелі не толькі амбасадай кіраваць, але і сына нарадзілі… Ён і беларус крыху?

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: Вядома, ён жа ўсё свае два гады тут пражыў! Я думаю, што Беларусь ён лічыць сваім домам. Жыў тут са мной і мой старэйшы сын, які ў Беларусі пражыў пяць гадоў са сваіх сямі. Пакуль менавіта ў Мінску ён пражыў даўжэй за ўсё! малодшы наўрад ці што будзе памятаць, а вось старэйшы ніколі Беларусь не забудзе. Ён тут вывучыў рускую мову. Калі беларусы дрэнна водзяць машыну, то ён па-руску іх лае за парушэнні. Гэта сведчанне таго, што ён прывык да мясцовага жыцця!

Еўрарадыё: Таму, хто прыедзе на ваша месца, а можа і ўсяму чэшскаму МЗС, на які накірунак працы вы параіце звярнуць больш увагі?

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: У нас з Беларуссю вельмі добрыя сувязі на ўсіх узроўнях. Але, на жаль, не хапала часу развіваць усе накірункі нашага супрацоўніцтва. Мы тут заснавалі курсы чэшскай мовы, развівалі культурныя сувязі, рабілі выставы, палітычным пытанням надавалі шмат увагі, але хацелася б большага супрацоўніцтва і па гэтых, і па розных іншых накірунках. Паміж сабой супрацоўнічаюць чэшскі і беларускі тэатры, выставы, грамадскія арганізацыі, але так хацелася б зрабіць яшчэ і яшчэ больш! Часу вельмі бракавала на ўсё. І супрацоўнікаў у нас не шмат у параўнанні з патэнцыялам нашых узаемных сувязяў. Мне вельмі падабаецца, што ў Беларусі вельмі вялікая цікаўнасць да Чэхіі. Карацей, хацелася б, каб было больш людзей у амбасадзе і больш часу, каб у сутках было 48 гадзін.

Еўрарадыё: У беларусаў сапраўды вялікая цікаўнасць да Чэхіі, а ці ёсць яна ў беларускіх уладаў?

Дагмар Дзідэнка-Новаградска: Гэта сапраўды добрае пытанне. Мне падаецца, што цікаўнасць павінна быць. Бо Чэшская Рэспубліка мае вялікі і багаты вопыт і ўмее яго перадаваць. Што і робіць у краінах “Усходняга партнёрства”. Так што, інтарэс калі і быў недастатковым, то гэта мусіць змяніцца — у нас ёсць што прапанаваць Беларусі ў розных галінах.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі