Чэргі на рэгістрацыю машын у “Ждановічах” расцягваюцца на 800 метраў

Калі ў сераду, 17-га снежня Еўрарадыё заявілася ў рэгістрацыйны аддзел сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі (знаходзіцца ў раёне гандлёвага цэнтру “Ждановічы”), то чарга ў "адстойнік" на зверку нумароў склала каля 800 метраў. Гэту дыстанцыю па суседняй паласе, з заторамі і светлафорамі праязджаем прыкладна за 6 хвілін.

У чарзе — пераважна машыны з расійскімі транзітнымі нумарамі. Ёсць беларускія аўто, якія збіраюцца прадаваць. Напэўна, каб узяць больш выгадны расійскі варыянт. І толькі зрэдку ў якасці экзотыкі можна ўбачыць машыну, прыгнаную з Літвы ці Германіі.

У адстойніку ДАІ бачым чырвоную Мазду 6 2008 года. Прыгнаная яна, зразумела, з Расіі. Аб’ём рухавіка — 2000 см3.

“У 9900 долараў абышлася, — ганарліва кажа ўладальнік Мазды. — Залазіў на беларускі сайт. Такога ж колеру, з такімі ж коламі, з такой жа магнітолай — просяць 15 600”.

Еўрарадыё: Што скажаце наконт стану?

Уладальнік Мазды: “Быў падрапаны капот, таму яго перафарбавалі, трошкі быў пашкоджаны бампер. Гэта я ведаў адразу, бо прадаваў знаёмы дылер з Масквы. Праехаў 2500 км, і ніякіх сур’ёзных праблем не выявілася”.

Праўда, як высвятляецца, на беларускіх сайтах знайсці такую ж машыну за 10 тысяч долараў — не праблема. Можа быць, камплектацыя будзе і больш бедная, але ўсё ж.

Падыходзім да кіроўцы, які ставіць на ўлік новую Хёндэ “Акцэнт”. Аб’ём рухавіка — 1600 см3.

“Машына з расійскага салона, яна мне каштавала ў раёне 11 тысяч долараў”, — падлічвае ўладальнік Хёндэ.

Дарэчы, сёння такую ж новую машыну ў мінскім салоне аддаюць як мінімум за 13 900 долараў. Атрымліваецца, чалавек зэканоміў прыкладна 3000.

Бачым прыгнаны з Расіі BMW X5 2008-га года. Аб’ём бензінавага рухавіка —3000 см3.

“Абышлася ў 17 тысяч долараў, — паведамляе Еўрарадыё гаспадар. — У нас сёння такая каштуе тысяч 25-30”.

Кіроўца бензінавага Пежо 308 2008-га года (аб’ём рухавіка 1600 см3) распавядае, што купіў аўтамабіль у падмаскоўным Жукаве.

“Удалося яе ўзяць за 6800 долараў. У нас такія выстаўляюць ад 7500 да 12000, нібыта. З праблем у ёй толькі парог памяты, а так больш нічога”.

Уладальнік бензінавага Міцубішы “Лансэр” 2010-га года (аб’ём рухавіка 1500 см3), якім трызніць расійская моладзь, кажа, што набыў яе ў Маскве.

“За 8500 долараў. У нас яна тысяч 13 будзе каштаваць”, — рэзюмуе мужчына.

Праўда, на беларускіх сайтах знаходзім падобныя машыны ад 9500. Як бы там ні было, выгада маецца.

Нагадаем, што масавы завоз расійскіх машын у Беларусь здарыўся пару месяцаў таму, з пачаткам у іх валютнага крызісу. Кошты ў расійскіх рублях там трымаюцца на адным узроўні, хоць іх нацыянальную валюту трасе ў крызіснай ліхаманцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі