Чэмпіянат свету па хакеі: квіток на Беларусь ― 40$, на Расію ― 126$

Мінскі чэмпіянат свету па хакеі вось-вось распачнецца, і квіткоў на матчы зборных Беларусі і Расіі ў свабодным продажы даўно няма.

Танныя білеты па 91 тысячы засталіся толькі на нізкарэйтынгавыя матчы кшталту “Нарвегія-Італія”.

На гульню “Швецыя-Чэхія” магчыма трапіць за 143 тысячы. На “Чэхія-Канада” ― за 351 тысячу.

Аднак у сацсетках і на форумах квіткі на гульні з удзелам Беларусі і Расіі прапаноўваюцца вельмі актыўна.

“Білет на “Расія-Беларусь” ― 60$. Ёсць два месцы, якія знаходзяцца побач”, ― прапаноўвае перакупшчык-беларус.

Кошт аказаўся вялікім. На форумах знаходзім квіток на той самы матч за 45$. І гэта з пяцікратнай накруткай ад першапачатковага кошту.

Столькі ж каштуюць матчы зборнай Беларусі з ЗША і Фінляндыяй. Астатнія гульні нашай каманды магчыма наведаць праз перакупаў за 40$.

“А самы выгадны варыянт ― узяць пакет на сем гульняў Беларусі. Ён каштуе 200 еўра (каля 270 долараў ЗША, ― заўв. Еўрарадыё)”, ― прапаноўвае яшчэ адзін перакупшчык, з беларускім нумарам мабільніка.

Яшчэ даражэй каштуюць квіткі на гульні з удзелам расіян. Значыць, попыт ёсць, і усходніх суседзяў на матчы “Беларусь-Расія” можа быць не менш, чым нашых.

НаШвейцарыя-Расіяёсць па 4500 расійскіх рублёў квіткі (каля 126$), Фінляндыя-Расія” ― таксама ад 4500. На “ЗША-Расія” ― тут ужо ад 5000 (каля 140$)”, ― знаёміць з актуальнымі коштамі маскоўскі перакупшчык.

Пустых трыбун, як на апошнім чэмпіянаце свету у Швецыі, у нас, хутчэй за ўсё, не будзе. Каб запоўніць арэны нават падчас другарадных матчаў квіткі распаўсюджвалі па прадпрыемствах і ВНУ.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, напрыклад, сваім студэнтам гульні кшталту “Германія-Казахстан” прадавалі па 25-30 тысяч.

Нехта са студэнтаў купляў тыя квіткі за бясцэнак і перапрадаваў.

“Квіткі выдзяляліся на галімыя матчы. Я выбраў на “Нарвегія-Чэхія” і не памыліўся, ― дзеліцца досведам студэнт БДЭУ Аляксандр, яго аб’яву знаходзім у красавіцкім архіве сацсетак. ― Перапрадаў іх за 240 тысяч (амаль у пяць разоў даражэй за сабекошт, ― заўв. Еўрарадыё)”.

Закупіць пэўную квоту квіткоў загадалі не толькі ў БДЭУ.

“Наш універсітэт закупаў білеты, але яны не прадаваліся, іх размеркавалі паміж нашым актывам, ― распавядаюць на спартыўнай кафедры БДУ.

Такім чынам, на мінскім чэмпіянаце свету па хакеі, далёка не самым статусным, даўно здарыўся білетны ажыятаж і карцінка праз адсутнасць гледачоў наўрад ці сапсуецца.

Фота goodfon.ru і студэнта БДЭУ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі