Чарговы інвалід паскардзіўся, што яго збілі міліцыянты ў метро

Чарговы інвалід паскардзіўся, што яго збілі міліцыянты ў метро

У верасні супрацоўнікі міліцыі двойчы трапілі ў скандал з інвалідамі. 17 верасня, як паведамлялі СМІ, яны збілі інваліда-вазочніка, якога выцягнулі з пераходу метро каля станцыі "Плошча Якуба Коласа" і пабілі ў двары дома. 18 верасня ад міліцыянтаў пры затрыманні пацярпеў інвалід па зроку, якога цягнулі за ногі па лесвіцы і падлозе.  

У рэдакцыю "Беларускіх навінаў" звярнуўся яшчэ адзін інвалід, які пацярпеў ад дзеянняў міліцыі ў метро.  58-гадовы мужчына кажа, што 4 жніўня ехаў да лекара. У лютым у яго была аперацыя на анкалогію, яму выдалілі страўнік, цяпер мужчына мае другую групу інваліднасці.

У метро на станцыі "Плошча Леніна" мужчына паказаў пасведчанне кантралёру і прайшоў на перон. За ім прайшоў міліцыянт і запатрабаваў паказаць пасведчанне, каб праверыць яго на сапраўднасць. Па словах інваліда, міліцыянт паводзіў сябе груба, звяртаўся на "ты" да старэйшага чалавека.

З лякарні мужчына затэлефанаваў на нумар 102 і паскардзіўся на дзеянні маёра Сергіюка — так прадставіўся міліцыянт. Дзяжурная служба паабяцала, што ўвечары да яго прыйдуць дадому, каб узяць сведчанні.

Калі ж інвалід вяртаўся дадому праз станцыю "Плошча Леніна", маёр Сергіюк сустрэў яго каля турнікетаў і запытаўся, ці не тэлефанаваў ён на нумар 102. Потым, як кажа інвалід, маёр з дапамогай двух сержантаў заламалі яму рукі, збілі ў апераваны бок, парвалі кашулю і раменьчык ад гадзінніка. Усё гэта адбывалася пад відэакамерамі метро.

Пасля гэтага інваліда зацягнулі ў пакой міліцыі. Ён затэлефанаваў па мабільніку на нумар 102 — там абяцалі выслаць нарад. Паўтары гадзіны мужчына сядзеў у душным пакоі. Потым з мужчынам стэлефанавалаася яго начальства, якое ён папрасіў дапамагчы: баяўся, што на яго складуць непраўдзівы пратакол. Калі два яго начальнікі прыехалі, то міліцыянты сказалі ім, што інвалід сам не хоча сыходзіць, а яго ніхто не трымае.

Міліцыянт, які прыйшоў да яго ўвечары дадому, па словах мінчука, адмовіўся браць заяву на маёра Сергіюка і яго падначаленых.

Потым праверкай справы заняўся Следчы камітэт. І на пачатку верасня мужчына атрымаў паведамленне, што Следчы камітэт не знайшоў злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі. Абскарджваць пастанову мінчук не стаў, бо яшчэ праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі.

Журналісты "Беларускіх навінаў" паспрабавалі ўзяць каментар у маёра Сергіюка, але ён адмовіўся адказваць на пытанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі