Міністры падтрымалі акцыю па адключэнні на гадзіну святла ў Беларусі
2009-03-17 18:09:27, Воля Гналько
У Мінску на гадзіну адключаць падсветку рэкламы і асвятленне Нацыянальнай бібліятэкі
Акцыя “Гадзіна Зямлі” пройдзе ва ўсім свеце 28 сакавіка. Сусветны фонд дзікай прыроды заклікае людзей выключыць на гадзіну электрычнасць. Такім чынам арганізатары імкнуцца прыцягнуць увагу да праблемы зменаў клімату і выкідаў парніковых газаў.
Беларусь возьме ў акцыі самы актыўны ўдзел. Вось што распавяла пра падрыхтоўку да акцыі каардынатар з экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” Наталля Парэчына: “Мы прапануем усім жыхарам Беларусі, кіраўнікам розных прадпрыемстваў, арганізацый прыняць удзел у гэтай акцыі і выключыць святло альбо ў сябе дома, альбо ў сябе на працы, адключыць электрапрыборы, адключыць увогуле электраэнергію ў тых месцах, дзе гэта не крытычна, на адну гадзіну, з 20.30 да 21.30".
У Беларусі гэтая акцыя праводзіцца ўпершыню. Паводле слоў Наталлі Парэчынай, яе ўжо падтрымалі Міністэрства лясной гаспадаркі разам з усімі лясгасамі, Міністэрства адукацыі разам з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, а таксама Дзяржкамітэт па стандартызацыі разам з усімі падначаленымі арганізацыямі.
Наталля Парэчына:“Так што падтрымка даволі шырокая, і мы вельмі радыя, таму што беларуская грамадскасць з цікавасцю аднеслася да нашай прапановы“.
Пра падтрымку акцыі гаворыць Кансультант Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Жанна Зянькевіч: “Мы звярнуліся з просьбай падтрымаць гэтую акцыю, часткова адключыць падсветку рэкламы ў горадзе Мінску. У прыватнасці, Міністэрствам культуры плануецца адключыць Нацыянальную бібліятэку. А мы асабіста, кожны ў сваім доме — адключыць асвятленне і правядзе вечар альбо рамантычную вячэру пры свечках“.
Упершыню падобная акцыя прайшла ў Аўстраліі ў 2007 годзе. Тады ў ёй прынялі ўдзел больш чым 2 млн чалавек. А ўжо сёлета акцыю падтрымліваюць больш за 1 млрд чалавек ва ўсім свеце, і больш чым тысяча найбуйнейшых гарадоў нашай планеты.
Аднак высвятляецца, што масавае адключэнне электраэнергіі можа прывесці да вялікіх праблемаў. Вось што гаворыць сябра працоўнай групы "Зялёнай сеткі" Аляксей Канстанцінаў:
"Вядомы факт, што магчымыя перапады напружання, магчымы як пікавы спад, так і пікавае напружанне, калі знойдуцца такія фанаты, якія выключаць і ўключаць святло роўна па гадзінах”.
Таму найбуйнейшы аператар энергасетак UCTE, які абслугоўвае 26 краін Еўропы, выказаў занепакоенасць і прапанаваў супрацоўніцтва арганізатарам акцыі з мэтай знізіць рызыку магчымых перагрузак і праблемаў з сеткай. Аляксей Канстанцінаў супакойвае. Ён кажа, што ўжо зробленыя захады, каб ніякіх праблемаў не ўзнікла.
Аляксей Канстанцінаў: “Але арганізатары акцыі гэта прадугледзелі і ёсць пэўная дамоўленасць з энергетыкамі. Яны прапанавалі шэраг мер, якія дапамогуць зняць пікавае напружанне, яны прапанавалі прыбраць на галоўным сайце гэтай акцыі секундамер, каб засталіся толькі хвіліны, гэта дапаможа знізіць пік напружання прывязаны да канкрэтных секундаў, прапануюць прадоўжыць акцыю не толькі на адну гадзіну, а хто зможа і больш".